За вашу і нашу свабоду. Якія вайсковыя падраздзяленні стварылі беларусы для абароны Украіны


Ад самага пачатку расейскай вайны ва Украіне беларускія добраахвотнікі далучыліся да шэрагаў абаронцаў Украіны. Сярод іх ёсць прыхільнікі як левых, гэтак і правых рухаў, як людзі з вайсковым досведам, гэтак і без яго. Карэспандэнты «Белсату» сабралі, што вядома пра беларускія падраздзяленні, якія абараняюць украінскую зямлю ад агрэсіі Крамля.

Трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Агулам колькасць беларусаў, якія ваююць у складзе розных фармаванняў на баку Украіны, назваць цяжка. Дый, як адзначыў у каментары «Белсату» заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба (Чыслаў), гэтая інфармацыя з’яўляецца вайсковай таямніцай. Зараз, паводле яго, украінскае камандаванне імкнецца перавесці ўсе добраахвотніцкія падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны ў склад Збройных сілаў Украіны, каб у тым ліку пазбегнуць «махноўшчыны». Пры гэтым не ўсе беларускія добраахвотнікі гатовыя ісці на «кантракт», кажа суразмоўца.

Пры гэтым, на думку Сяргея Бульбы, наўрадці будзе створанае адзінае падраздзяленне, у якім бы аб’ядналіся ўсе беларусы, што ваююць на баку Украіны. Ён мяркуе, што гэта немагчымы дый немэтазгодна, бо ваяры з розных падраздзяленняў маюць розны ідэалагічны, палітычны ды вайсковы бэкграўнд.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага

Самым вялікім і знакамітым беларускім падраздзяленнем украінскіх войскаў, што бярэ ўдзел у вайне ва Украіне, з’яўляецца Батальён імя Кастуся Каліноўскага. Касцяком падраздзялення сталі беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Расеяй. У ягоных шэрагах шмат вядомых актывістаў: заснавальнік руху «Зубр», спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край» і «Маладога фронту», сябра БХД Вадзім Кабанчук, дзейны кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, стваральнік паблікаў «Мая краіна – Беларусь» і «Усы Лукашенко» Сяргей Бяспалаў ды іншыя.

Трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага.
Фота: АЦ / Белсат

Байцы батальёну бралі ўдзел у баях пад Кіевам, дзе загінулі ўжо трое беларускіх ваяроў: Ілля Хрэнаў (Ліцвін), Аляксей Скобля (Тур) і Зміцер Апанасовіч (Тэрор).

25 сакавіка каліноўцы прынялі прысягу і ўступілі ў шэрагі Збройных сілаў Украіны. Паводле Кабанчука, цяпер беларускі батальён выконвае баявыя задачы ў Кіеве. Таксама праводзіцца фармаванне, што ўключае ў сябе навучанне, атрыманне дадатковай тэхнікі, зброі, шырэйшае разгортванне структуры. У батальёне на сённяшні дзень каля 200 байцоў. Як адзначае Бяспалаў, у дзень да яго далучаюцца 15-20 чалавек. Каардынацыйны і рэкрутынгавы цэнтр батальёну знаходзіцца ў Варшаве.

Фота
Як праходзяць трэнаванні навабранцаў у беларускім батальёне імя Каліноўскага
2022.03.19 13:42

Беларускія і ўкраінскія ўлады ўжо ацанілі дзейнасць беларускага батальёну, праўда, па-рознаму. Гэтак, ГУБАЗіК завёў у дачыненні да 50 каліноўцаў крымінальную справу аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы. А ва ўкраінскім Роўне прапануюць пераназваць у гонар Кастуся Каліноўскага мясцовую вуліцу Віцебскую. Загінуламу ж Аляксею Скоблю прэзідэнт Уладзімір Зяленскі надаў пасмяротна званне Героя Украіны.

Полк «Пагоня»

30 сакавіка тэлеграм-канал беларускага прадпрымальніка і палітычнага актывіста Вадзіма Пракоп’ева паведаміў пра пачатак фармавання беларускага палка «Пагоня» ў складзе інтэрнацыянальнага легіёну Збройных сілаў Украіны.

Беларускі полк «Пагоня».
Фота: Беларускі полк «Пагоня» / Telegram

Як адзначаецца, полк створаны з ініцыятывы беларускіх афіцэраў пры падтрыманні ЗСУ для абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама з мэтай стварэння асновы для новай прафесійнай беларускай арміі. Праўда, колькасць байцоў усё ж невялікая, слова «полк» – гэта хутчэй на перспектыву.

Рэкрутынгавы цэнтр палка «Пагоня», як і батальёну Каліноўскага, размешчаны ў Варшаве. Усе добраахвотнікі праходзяць папярэдні адбор, які ўключае верыфікацыю і сумоўе. У полк запрашаюцца псіхалагічна ўстойлівыя мужчыны ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў, якія маюць досвед вайсковай службы. Таксама разглядаюцца кандыдаты з добрым узроўнем фізічнай падрыхтоўкі, дзейныя ці былыя спартоўцы. На гэты момант сярод вайскоўцаў палка ёсць былыя афіцэры сіл спецыяльных аперацый, рок-музыкі, прафесійныя гульцы ў покер, былыя бізнесмены, электрыкі, кранаўшчыкі і нават настаўнік гісторыі.

Артыкулы
Беларусы пачалі ствараць полк «Пагоня» ў складзе Збройных сілаў Украіны
2022.03.30 16:36

«Пасля курсу вайсковай падрыхтоўкі ўсе кандыдаты падпісваюць прафесійны кантракт і атрымліваюць афіцыйны статус вайскоўца інтэрнацыянальнага легіёну ЗСУ. Вайсковая падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам беларускіх і ўкраінскіх інструктараў з досведам. Кантракт прадугледжвае аклад і страхоўку жыцця і здароўя», – заяўляюць ў палку.

Дабравольніцкі батальён «Братэрства»

Вызначыліся беларусы і ў баях за вызваленне паселішча Лук’янаўка Кіеўскай вобласці, дзе здолелі разбіць удвая большую колькасць ворагаў. Тады стала вірусным відэа з расповедам беларускага камбата з гусарскімі вусамі.

Як выявілася, гэта футбольны фанат і баец джыу-джыцу Ігар Номан. Ён быў паранены на пратэстах у жніўні 2020 года і, калі ім зацікавіліся сілавікі, з’ехаў ва Украіну. З пачаткам вайны Ігар узначаліў беларускае падраздзяленне ва ўкраінскім дабравольніцкім батальёне «Братэрства» Дмытра Карчынскага.

Мяркуючы па іншых відэа, сярод байцоў гэтага батальёну ёсць яшчэ беларускія футбольныя фанаты. На рахунку беларускіх ваяроў ёсць і свая вайсковая тэхніка, уключна з танкамі і дронамі, захопленымі ў баях.

Атрад імя Іллі «Ліцвіна»

На самым пачатку вайны у Адэсе быў створаны беларускі атрад у гонар імя Іллі «Ліцвіна», які загінуў у баях пад Бучай. У ім разам з валанцёрамі каля 30 чалавек. Асноўныя частка з іх – беларускія палітэмігранты, якія выехалі ва Украіну пасля падзеяў 2020 года. Байцы атраду ўдзельнічалі ў патруляванні адэскіх вуліц – спачатку разам з паліцыяй, пасля – у складзе самастойнай адзінкі, падначаленай ЗСУ.

На ліку байцоў атраду ўжо ёсць некалькі схопленых расейскіх лазутчыкаў, некаторых з іх забірала наўпрост СБУ.

Фота: Добровольческий отряд имени Ильи «Литвина» – Одесса / Telegram

Цяпер атрад займаецца атрыманнем афіцыйнага статусу з падпісаннем кантракту з ЗСУ. Пасля спецправеркі СБУ частка байцоў атраду ўжо засялілася ў казармы тэрытарыяльнай абароны, дзе праходзіць актыўнае вайсковае навучанне. Іншая частка пакуль яшчэ знаходзіцца ў працэсе афармлення дакументаў. У выніку беларусы павінны афіцыйна стаць узводам пры Адэскай тэрабароне.

«Там нас вельмі чакаюць. Там камбрыг – вельмі класны мужык. Ён пра нас пачуў, выйшаў з намі на сувязь і кажа, што хоча забраць увесь наш атрад да сябе», – распавёў «Белсату» прадстаўнік атраду Барыс.

Працэс афармлення мае скончыцца найбліжэйшымі днямі. Рэшта атраду з тых, хто не захацеў пераходзіць на казарменнае становішча, надалей патрулюе адэскія вуліцы разам з паліцыяй. Працягваюць прыбываць у атрад і новыя добраахвотнікі. Агулам, кажа Барыс, у Адэсе істотна павялічыліся цікавасць і станоўчае стаўленне да беларускага атраду.

Гісторыі
«Украіна – краіна, якая нас прытуліла». Як беларускія добраахвотнікі ловяць расейскіх лазутчыкаў у Адэсе
2022.03.25 09:00

Антыаўтарытарны атрад

Ёсць беларусы і ў складзе Інтэрнацыянальнага антыаўтарытарнага аддзелу тэрытарыяльнай абароны Кіеўскай вобласці. У асноўным гэта чальцы розных анархісцкіх рухаў. Адзін з іх – Аляксей Балянкоў, які яшчэ ў 2014 годзе ўдзельнічаў у супрацьстаянні на Майдане.

Сярод іншага байцы атраду выказваюцца ў падтрыманне беларускіх палітвязняў.

Беларусы ў складзе антыаўтарытарнага атраду.
Фота: Комітет Спротиву /// Resistance Committee / Telegram

Легіён «Свабода Расеі»

З сакавіка ва Украіне ідзе стварэнне і адмысловага легіёну «Свабода Расеі». Складаецца ён перадусім з расейскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон падчас баявых дзеянняў ва Украіне. Як адзначылі прадстаўнікі легіёну на прэс-канферэнцыі 5 красавіка, сярод ваяроў ёсць і беларусы.

Мы звярталіся па адмысловыя каментары да прадстаўнікоў палку «Пагоня», легіёну «Свабода Расеі», батальёну «Братэрства» і антыаўтарытарнага атраду, але на момант публікацыі артыкулу так і не атрымалі ад іх адказаў.

Байцы легіёну «Свабода Расеі».
Фота: Легион «Свобода России» / Telegram

Фэйкавая Брыгада Тадэвуша Касцюшкі?

На днях з’явілася інфармацыя пра існаванне нібыта яшчэ аднаго беларускага падраздзялення ў складзе ўкраінскіх войскаў – «Брыгады Тадэвуша Касцюшкі». Але з самага пачатку яе з’яўлення медыі засумняваліся ў праўдзівасці такой інфармацыі.

Як адзначае «Наша Ніва», беларускія добраахвотнікі пра такую брыгаду не ведаюць. Аўдыторыя каналу, дзе з’явілася першая інфармацыя пра брыгаду, складаецца з накручаных ботаў. Дый камуфляж ваяроў брыгады характэрны не для ўкраінскіх, а для беларускіх войскаў. Сваю ж актыўнасць брыгада пачала з крытыкі іншых беларускіх добраахвотнікаў. А далучыцца да яе можна толькі, выканаўшы небяспечнае заданне ў публічных месцах у Беларусі.

Меркавана фэйкавая брыгада Тадэвуша Касцюшкі.
Фота: Наша Ніва

З тым, што «гэта можа быць пастка лукашэнкаўскіх сілавікоў», згодныя таксама аўтары «Беларускага Гаюна» ды прадстаўнікі BYPOL. Думкі пра тое, што «Брыгада Тадэвуша Касцюшкі» – фэйк або аперацыя беларускіх сілавікоў, прытрымліваецца і заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

Не толькі ў складзе падраздзяленняў

Важна разумець, што беларусы ваююць ва Украіне не толькі ў складзе асобных беларускіх фармаванняў. Ёсць і тыя, хто наўпрост далучыўся да ЗСУ.

Напрыклад, у Адэсе да такіх належыць палітэмігрант-анархіст Юрый Зайцаў. Яго ўжо некалькі разоў спрабавалі выдаць у Беларусь. Больш за тое, нават ва ўмовах вайны Адэская пракуратура дамагалася ягонай экстрадыцыі. Але 11 красавіка суд адмовіў ёй у гэтым.

А 13 красавіка стала вядома, што загінуў Зміцер Рубашэўскі (Ганс), які служыў у 24-й механізаванай брыгадзе Збройных сілаў Украіны. Беларус прыехаў ваяваць за Украіну яшчэ ў 2015 годзе. Быў некалькі разоў паранены. Меў узнагароды.

Аналітыка
«Рэйкавыя партызаны». Што вядома пра затрыманых у Асіповіцкім раёне?
2022.04.07 18:18

Кажучы пра абарону Украіны ў часе гэтай вайны, варта не забывацца і пра тых беларусаў, хто рызыкуе сваім жыццём і здароўем у Беларусі, удзельнічаючы ў рэйкавай вайне і адсочваючы перасоўванні расейскіх войскаў. Свой унёсак робяць таксама беларускія пратэстоўцы, валанцёры, актывісты і журналісты, якія не спыняюцца змагацца за вашу і нашу свабоду, нягледзячы на рэпрэсіўны рэжым Аляксандр Лукашэнкі, які стаў суагрэсарам у дачыненні да ўкраінскага народу.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў