У Беларусі затрымалі актывістку, музыкаў, работніка камунальнай службы, 7 чалавек за фота тэхнікі і іншых


Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», раніцай 13 красавіка Святлану затрымалі на працы. Імаверна даставілі ў Партызанскае РУУС. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Святлану ў 2020 годзе пераследавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй, а таксама за тое, што далучылася да збору подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты.

Музыку Уладзіслава Плюшчава арыштавалі на 25 сутак.

Уладзіслаў — гітарыст Pomidor/off, граў у «Крамбамбулі» і Zet. Яго затрымалі 12 красавіка, а на праўладных тэлеграм-каналах з’явілася пакаяльнае відэа, на якім ён кажа, што хадзіў на маршы ў 2020 годзе, падпісаны на «экстрымісцкія» каналы і рабіў з іх рэпосты, а таксама рэгістраваўся ў плане «Перамога».

Як паведамляе @by_culture, Уладзіслава пакаралі 25-сутачным арыштам.

Супрацоўнікамі Гомельскага ГУБАЗ быў затрыманы работнік камунальнай службы горада за перадачу асабістых дадзеных дзяржаўных служачых у Інтэрнэт

Затрыманы работнік камунальнай службы.
Фота: Вясна

Таксама яму інкрымінуюць допісы ў падтрымку войска Украіны. Яму прад’яўлена абвінавачванне па артыкулах 130, 203-1, 367 КК Рэспублікі Беларусь, піша «Гомельская Вясна»

На Гомельшчыне затрыманыя сем чалавек, якія перадавалі дадзеныя аб ваеннай тэхніцы

Так, напрыклад, у Хойніцкім раёне 49-гадовая жанчына перадавала інфармацыю аб відах і маршрутах ваеннай тэхнікі. У Мазыры 28-гадовая маці скінула ў телеграм-канал відэа з перамяшчэннем верталётаў. Таксама трапіў пад пераслед падлетак з Мазыра, навучэнец прафесійнага ліцэю, ён таксама адправіў відэа з перамяшчэннем тэхнікі.

За адпраўку фатаграфій і відэа з аналагічным зместам пад следствам апынуліся гомельскі таксіст і творчы работнік. Таксама крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» распачалі ў дачыненні да яшчэ двух гамельчукоў.

У Брэсце затрымалі двух хлопцаў за жаданне ваяваць за Украіну

У праўладных тэлеграм-каналах, а таксама на дзяржСМІ выйшлі сюжэты пра Віталя Шавелянкова і Аляксандра Жака. Абодва зняліся ў «пакаяльных відэа», дзе кажуць, што збіраліся ваяваць за Украіну (Аляксандр) і заклікалі абараняць мірнае ўкраінскае насельніцтва (Віталь). За гэта абодвух затрымалі.

Студэнт-праграміст Аляксандр нават спрабаваў даведацца, як ва ўмовах закрытых межаў трапіць ва Украіну, звяртаўся ў Польскае і Украінскае консульствы, піша «Вясна | Брэст»

Затрымалі рэдактарку Аляксандру Макавік, паведамляе @by_culture.

Аляксандра па адукацыі філолаг, удзельнічала ў падрыхтоўцы мноства кніг, працавала ў СМІ. Прычыны затрымання і месца, дзе ўтрымліваецца дзяўчына, невядомыя.

У Маладзечне затрымалі музыку за «абразу ў сацсетках»

12 красавіка ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 30-гадовы музыка Аляксандр Казакевіч. Прычына затрымання – «абраза прадстаўніка ўлады ў сацсетках».

Раней Аляксандр граў у гурце «Канфлікт».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў