«Нашу Ніву» аштрафавалі на 8700 рублёў


Эканамічны суд Менску пакараў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў) за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Падставай стала ранейшая справа аб друкаванні папяровых асобнікаў газеты для абавязковага бясплатнага распаўсюду, піша «Наша Ніва».

У лютым 2021 года падатковая інспекцыя Ленінскага раёну Менску склала адміністратыўны пратакол на галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Пратакол склалі за 15 папяровых асобнікаў газеты, раздрукаваных на друкарцы дзеля абавязковага бясплатнага распаўсюду.

Hавiны
Справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча спынілі
2021.02.10 15:25

У падатковай палічылі друк газеты на друкарцы незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ніякага прыбытку з распаўсюду газетаў рэдакцыя не атрымала, таму справу закрылі. Але падатковая звярнулася ў суд яшчэ раз. Паводле заканадаўства, дзеля пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць трэба, каб кошт прадмету адміністратыўнага правапарушэння перавысіў 1160 рублёў (40 базавых). У той час як сабекошт старонак выдання склаў 28 руб. 68 кап.

Тады падаткавікі вырашылі прызнаць прадметам правапарушэння не толькі 20 аркушаў паперы, але і тэхніку, з дапамогай якой раздрукавалі аркушы.

У судзе падаткавікі распавялі, што прынтар у пачатку 2000-х каштаваў 2126 еўраў. Цяпер гэтая тэхніка састарэла, але яны даводзілі, што на рынку ёсць аналаг за 963 руб. Ноўтбук чыноўнікі ацанілі на 545 руб. У выніку працаўнікі падатковай заявілі, што «адміністратыўнае парушэнне» ёсць, паколькі кошт прадметаў «злачынства» перавышае 40 базавых велічыняў.

Марыя Анапольская, адвакатка ПВУП «Суродзічы», заснавальніка «Нашай Нівы», на судзе сведчыла, што прадмет правапарушэння – гэта 15 асобнікаў газеты, а не тэхніка, на якой іх друкавалі. Тэхніка ж паводле заканадаўства – гэта сродак вырабу.

У выніку суддзя Эрнэст Койра прызнаў прадпрыемства «Суродзічы» вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і аштрафаваў на 300 базавых велічыняў – 8700 рублёў.

Hавiны
Усіх працаўнікоў «Нашае Нівы» выклікаюць у Следчы камітэт
2020.12.05 19:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў