Еўрадэпутаты вывучаюць інфармацыю з фільму «Лукашэнка. Залатое дно»


Еўрадэпутаты запатрабавалі адкрыта даследаваць размеркаванне сродкаў ЕЗ на праекты ў Беларусі. Ініцыятаркаю звароту ў Еўракамісію стала дэпутатка Еўрапейскага парламенту ад нямецкай партыі «Зялёныя» Віёля Фон Краман-Таўбадэль, паведамляе карэспандэнт «Белсату» ў Бруселі Алесь Сіліч.

«Нашае заданне тут – у Еўрапейскім парламенце і Еўракамісіі ўпэўніцца, што вылучаныя Еўразвязам грошы не выкарыстоўваюцца на ўласныя мэты спадара Лукашэнкі», – заявіла дэпутатка Еўрапейскага парламенту ад нямецкай партыі «Зялёныя» Віёля Фон Краман-Таўбадэль.

Дэпутатка Еўрапейскага парламенту ад нямецкай партыі «Зялёныя» Віёля Фон Краман-Таўбадэль. Photo: European Union

Дэпутатка разам з калегамі адправіла супольны ліст у камітэт бюджэтнага кантролю Еўрапейскай камісіі з пытаннем: што цяпер адбываецца са сродкамі, якія з агульнаеўрапейскага бюджэту вылучаліся раней на праекты і праграмы ў Беларусі? Гэты зварот стаў рэакцыяй палітыкаў на фільм рэдакцыі NEXTA «Лукашэнка. Залатое дно». У фільме сярод іншага ішла гаворка аб нямэтавым выкарыстанні еўрапейскіх сродкаў на падтрыманне рэзідэнцыяў Аляксандра Лукашэнкі.

Трэба адзначыць, што няма наўпроставых доказаў, што сродкі выдаткоўваюцца нямэтава, заўважыла Віёля Фон Краман-Таўбадэль. Але разам з гэтым, пасля сфальшаваных выбараў у 2020 годзе Еўразвяз спыніў любое фінансаванне Беларусі. Цяпер вывучаецца фінансаванне мінулых праграмаў, у прыватнасці, за 2018–2019 гг.

«Прэсавая служба Лукашэнкі, напрыклад, нічога не паведамляла аб супрацы ў сферы юстыцыі паміж ЕЗ і Беларуссю, якая фінансавалася раней. Але інфармацыя аб гэтым была пададзеная беларускім бокам пасля выбараў, каб імітаваць супрацу і фінансаванне. Аднак гэта проста хлусня. Таму частка інфармацыі, якая была ў «Залатым дне», можа абапірацца на хлуслівыя паведамленні прэс-службы Лукашэнкі», – сказала Віёля Фон Краман-Таўбадэль.

Фільм блогера Сцяпана Пуцілы і рэдакцыі NEXTA «Лукашэнка. Залатое дно» з’явіўся ў сацсетках 8 сакавіка. Яго паглядзелі больш за 6 млн разоў.

belsat.eu

Стужка навінаў