Навальны заклікаў расейцаў выходзіць на антываенныя мітынгі – яны пройдуць па ўсёй краіне 13 сакавіка


Апазіцыйны расейскі палітык Аляксей Навальны, які цяпер адбывае пакаранне ў турме, на сваёй старонцы ў «Інстаграме» назваў Уладзіміра Пуціна «звар’яцелым маньякам» і заклікаў расейцаў выступаць супраць вайны, каб спыніць яго.

Навальны назваў тых расейцаў, якія выходзяць на антываенныя мітынгі, самымі важнымі людзьмі на планеце.

«І гэта цяжкі марафон. Барацьба на знясіленне. Са страхам і агрэсіяй. Але гэта дакладна не бескарысная барацьба. Не сімвалічны жэст адчаю», – сказаў палітык.

Фота
«Я хачу міру» Як разганяюць антываенныя мітынгі ў Расеі
2022.02.24 22:31

Навальны піша, што глядзіць тэлевізар, і па расейскім тэлебачанні нават афіцыйную лічбу стратаў арміі РФ – 498 чалавек – не назвалі ні разу. З экрану тэлевізара падаецца такая карціна: загінулых амаль няма з абодвух бакоў, украінская армія разбеглася, разбурэнняў амаль няма, у некаторых месцах «заселі банды нацыстаў», але іх хутка знішчаць, украінцы сустракаюць расейскія танкі з кветкамі. Але жыць у такой карціне свету расейцам засталося нядоўга, лічыць Аляксей Навальны.

«Усё: ад коштаў у крамах да заплаканай суседкі, чый сваяк загінуў ні за што, спрабуючы забіць невінаватага, – будзе нагадваць пра тое, што ідзе бессэнсоўная бойня. Што звар’яцелы дзед Пуцін цяпер знішчае Украіну і разарыць Расею, – піша палітык. – І ў гэты момант кожны, хто ўбачыць, павінен зразумець: я не адзін так думаю. Супраць вайны з самага пачатку былі не 29 %, а цяпер – большасць. <…> Таму мы з вамі не маем права спыніць гэты знясільвальны марафон. І трэба выходзіць на антываенныя мітынгі кожныя выходныя, нават калі здаецца, што ўсе ці з’ехалі, ці спужаліся. Нават калі вы адзін на адзін, вы – той, да каго можна далучыцца. Вы – аснова руху супраць вайны і смерці. Вы – самы важны чалавек на планеце».

Антываенныя мітынгі ў Расеі абвешчаныя на 13 сакавіка, 14:00, на галоўных плошчах расейскіх гарадоў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў