Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда: Выкарыстанне Пуціным хімічнай зброі – пагроза для NATO


NATO перагледзіць сваю пазіцыю аб неўмяшанні ў канфлікт ва Украіне, калі Расея прыменіць хімічную зброю, паведамляе BBC.

Краіны NATO.
Фота: nato.int

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда мяркуе, што кіраўніцтва Расеі можа пайсці на выкарыстанне хімічнай зброі ва Украіне:

«Калі вы пытаецеся ў мяне, ці можа Пуцін ужыць хімічную зброю, то, на маю думку, у дадзены момант Пуцін можа ўжыць усё, што заўгодна, – асабліва, калі ён у цяжкай сітуацыі. Ён ужо прайграў гэтую вайну з палітычнага гледзішча, і з ваеннага ён таксама відавочна не выйграе».

Выкарыстанне зброі масавага паражэння зменіць усе правілы гульні, сказаў Дуда. Бо тады пагроза навісне не толькі над Еўропай, але і над усім светам, і NATO трэба будзе нешта вырашаць, папярэдзіў ён.

Раней пра магчымасць хімічнай атакі з боку Расеі папярэдзіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. На ягоную думку, заявы Масквы аб тым, што ва Украіне нібыта працуюць лабараторыі для вытворчасці хімічнай і біялагічнай зброі, могуць быць падрыхтоўкай да такога кроку з боку самой Расеі.

Столтэнбэрг заявіў, што Крэмль працягвае шукаць розныя зачэпкі, каб апраўдаць свае дзеянні, і папярэдзіў, што выкарыстанне хімічнай зброі будзе адназначна расцэненае як ваеннае злачынства.

10 сакавіка Белы Дом перасцярог аб верагоднасці выкарыстання Расеяй хімічнай або біялагічнай зброі ва Украіне.

«Цяпер, калі Расея выступае з гэтымі яўна ілжывымі сцвярджэннямі, а Кітай, як здаецца, падтрымлівае такую прапаганду, мы павінны сачыць за магчымасцю таго, што Расея прыменіць хімічную або біялагічную зброю ва Украіне або зробіць аперацыю пад чужым сцягам з яе выкарыстаннем», – заявіла ў сваім twitter Джэн Сакі, прэс-сакратар Белага Дому.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў створаных ЗША на Украіне біялабараторыях, як паказваюць дакументы, ладзіліся эксперыменты з узорамі каронавіруса кажаноў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў