Аб чым моляцца кіраўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў?


З акна шматкватэрнага дому ў Чарнігаве ўкраінскія ратавальнікі дастаюць снарад. Яго вага – 500 кілаграмаў. Расейская армія працягвае абстрэльваць жылыя дамы і грамадскія будынкі.

Уцекачы з Украіны: Аксана з сынам Косцем. 8 сакавіка 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Паводле звестак пракуратуры Украіны, у выніку бамбаванняў і абстрэлаў пашкоджана 369 навучальных установаў. Загінулі ўжо 85 дзяцей, больш за 100 параненыя.

Гэтыя дзеткі засталіся сіротамі. Рэзка асудзіў расейскую агрэсію супраць Украіны Папа Рымскі Францішак:

«Бамбёжкі дзіцячых больніцаў і грамадзянскіх аб’ектаў – варварства, у якога няма ніякага стратэгічнага абгрунтавання. Усё, што неабходна, – гэта спыніць непрымальную ўзброеную агрэсію да таго, як яна ператворыць гарады ў могілкі. У імя Бога, хай будуць пачутыя крыкі тых, хто пакутуе, і спыняцца бамбаванні і абстрэлы! Хай будзе рэальны і рашучы акцэнт на перамовах, хай гуманітарныя калідоры будуць эфектыўныя і бяспечныя. Імем Бога прашу вас: спыніце гэтую бойню!»

Кіраўнік жа Расейскай праваслаўнай царквы прасіў Бога аб захаванні РПЦ ва Украіне і папракаў украінскіх святароў, якія адмаўляюцца згадваць яго на набажэнствах.

«Сёння не згадваем патрыярха, бо страшна, а заўтра хтосьці можа запатрабаваць большага. Няхай Гасподзь захоўвае нашу царкву на зямлі ўкраінскай», –

сказаў падчас казані Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

У іх няма нічога святога – упэўненыя жыхары Святагорску Данецкай вобласці, дзе расейскія войскі абстралялі Святагорскую Лаўру. У манастыры хаваліся больш як паўтысячы бежанцаў, з іх 200 – дзеці.

«На гэты момант людзі застаюцца ў лаўраўскіх падвалах у стрэсавай сітуацыі, у дзяцей істэрыка. Ніякіх вайсковых злучэнняў у горадзе Святагорску і на тэрыторыі Святагорскай Лаўры не было, гэта значыць, што ўдар быў нанесены па мірным горадзе і па адной з трох святыняў Украіны – Святаўспенскай Святагорскай лаўры», – распавёў мітрапаліт Святагорскі Арсень.

Паветраная сірэна ў Кіеве. У храм прыходзяць маліцца жыхары гораду і вайскоўцы. «Мы молімся і дабраслаўляем зброю, каб выпадковая куля не прычыніла шкоды грамадзяніну Украіны, і ні ў якім разе не магла прычыніць шкоды нічому іншаму, акрамя зла», – кажа вайсковы капелан Мікола Мядзінскі.

«Гэта малітва дабраславення ўкраінскага ваяра і ягонай зброі на абарону ўкраінскай зямлі, жыцця і Божай праўды», – сказаў айцец Мікола.

Святыя кнігі кажуць, што непазбежна адбудзецца перамога праўды і дабра і пакаранне тых, хто здзяйсняе злачынствы.

Вольга Старасціна/ІР belsat.eu

Стужка навінаў