З раніцы 13 сакавіка ў Менску затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку – мастачка Лізавета Ганчарова


Раніцай 13 сакавіка ў Менску на вуліцы Мірашнічэнка АМАП затрымаў «дзве групы пратэстуючых грамадзян», паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкаму.

Па інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі, на вуліцы Мірашнічэнка была запланавана акцыя, удзельнікі якой павінны былі развешваць улёткі з палітычнымі вязнямі.

Скрыншот з відэа ГУУС Менгарвыканкама

«Пры адпрацоўцы названай тэрыторыі затрыманы 5 жанчын, якія прынялі ўдзел у акцыі. Пры сабе ў іх былі розныя ўлёткі. Ўзрост жанчын – 25-40 гадоў, трое з іх раней ужо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», – паведамляе ГУУС.

Акрамя жанчын былі затрыманыя яшчэ 5 чалавек, якія насупраць будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску пікетавалі з БЧБ-сцягамі. У міліцыі кажуць, што затрыманыя знаходзіліся ў лакальным чаце, дзе «дамаўляліся аб правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і абмяркоўвалі парадак іх правядзення». Чацвёра з затрыманых – жыхары Маскоўскага раёну сталіцы, яшчэ адзін мужчына спецыяльна прыехаў у Менск з Дзяржынскага раёну.

Таксама сёння, 13 сакавіка, у Менску затрымалі мастачку Лізавету Ганчарову. Тэлеграм-канал BY_culture паведамляе, што Лізавету затрымалі разам з татам.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў