Падвойнае жыццё Кшыштафа Кесьлёўскага. У Менску распачалася рэтраспектыва польскага класіка


Адзін з самых вядомых рэжысёраў Польшчы і свайго пакалення выйшаў на менскі вялікі экран. Учора, 12 сакавіка, у кінатэатры «Silver Screen» ГЦ «Galileo» распачаліся паказы праекту «Уік-энды з Кшыштафам Кесьлёўскім» – гэта значыць, што на працягу некалькіх тыдняў тут кожную пятніцу і суботу будуць дэманстраваць галоўныя фільмы класіка. Агулам больш за дзесяць стужак.

Карціны прэзентуе кіназнаўца і праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў, з ім жа пасля прагляду іх можна абмеркаваць.

Схему «Уік-эндаў з…» абкаталі на Лярсу фон Трыру: цэлы люты ў Мінску глядзелі і абмяркоўвалі фільмы аднаго з галоўных правакатараў сучаснага кіно. Кесьлёўскі пераняў эстафету – у другой «серыі» кінапраекту арганізатары пакажуць дзевяць вядомых карцінаў рэжысёра, а таксама падбор ягоных дакументальных працаў.

Усё гэта адлюстроўвае як польскі перыяд аўтара, гэтак і «французскі», то бок чатыры апошнія гульнявыя стужкі Кесьлёўскага. Што да польскага, у падбор ўключылі фільмы, што ў свой час трапілі пад цэнзуру: разам з паплечнікамі са «свабоднае суполкі» Агнешкаю Голянд або Анджэем Вайдам рэжысёр быў раздражняльнікам для тагачасных польскіх уладаў. Фільм «Выпадак», напрыклад, шэсць гадоў праляжаў на паліцы.

Пачаліся «Уік-энды» з карціны «Кінааматар», сёння працягнуцца меладрамаю «Без канца». Наступную пару складуць «Кароткі фільм пра забойства» і «Кароткі фільм пра каханне». Пасля паказу «Выпадка» прыйдзе чарга чатырох замежных фільмаў Кесьлёўскага – гэта «Падвойнае жыццё Веранікі» і трылогія «Тры колеры». На апошнім паказе можна будзе ўбачыць дакументальныя працы аўтара. Такім чынам, рэтраспектыва пакажа галоўныя дасягненні аднаго з самых уплывовых еўрапейскіх рэжысёраў.

Апошні сеанс адбудзецца 10 красавіка. «Уік-энды з Кшыштафам Кесьлёўскім» арганізоўвае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» у супрацы з Інстытутам Адама Міцкевіча. Праект рэалізуюць з падтрыманнем Польскага Інстытуту ў Менску.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў