«Нічога новага тут няма». Лукашэнка выказаўся пра фільм Пуцілы


Аляксандр Лукашэнка, 31 снежня 2020 года.
Фота: president.gov.by

На сённяшняй імпрэзе «Менская лыжня» Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра фільм Сцяпана Пуцілы «Залатое дно», перадае ягоны сайт.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што яшчэ не глядзеў фільм, бо не паспеў.

«Кажуць, дужа вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз, – адзначыў Лукашэнка. – Я таксама зрабіў выснову, што нічога новага тут няма».

Фактычны кіраўнік Беларусі сцвярджае, што ніколі б не дазволіў сабе казаць адно, а рабіць іншае, бо, асабліва ў вачах людзей, якія яго падтрымліваюць, выглядаў бы вельмі негатыўна.

«Найбольш страшнае для мяне – ганьбіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як не кажу. Калі я сказаў, так мушу і зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэтую тэму дарма», – лічыць Лукашэнка.

8 сакавіка на канале блогера Сцяпана Пуцілы, які ў Беларусі вызналі экстрэмісцкім, выйшаў фільм «Лукашэнка. Залатое дно». Яго паглядзелі больш як 4,5 мільёны чалавек. У стужцы распавядаюць пра рэзідэнцыі і іншае багацце Лукашэнкі. Пры гэтым эксперты адзначалі, што новых фактаў там амаль няма.

ЯП belsat.eu

 

Стужка навінаў