«Наша Ніва»: экс-кілера з банды Марозава, які з нажом аказваў супраціў міліцыянтам, адпусцілі пасля содняў

Як паведамляе «Наша Ніва», спасылаючыся на дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы, «злодзея ў законе» Аляксандра Кушнярова (Кушнера), затрыманага 19 лютага, адпусцілі без крымінальнай справы.

Пра затрыманне аўтарытэта раней паведаміла МУС. Пры гэтым адзначалася, што Аляксандр Кушняроў дастаў нож і спрабаваў адбіцца ад супрацоўніка спецпадраздзялення. Разам з ім затрымалі двух чалавек з Расеі. Пасля ўсіх трох адправілі ў ІЧУ.

«Кушнярову далі содні і ўжо выпусцілі. Ну яшчэ палкамі пабілі троху. Яго ж бралі не па форме, ён падумаў, што бандыты – ну а як адрозніш? Яго ж нядаўна моцна пабілі «канкурэнты», вось ён і патлумачыў: дастаў нож, бо думаў, што зноў напалі», – сказала «Нашай Ніве» знаёмая з сітуацыяй крыніца.

Кушнярову 54 гады. Ён мае статус «злодзея ў законе», які аспрэчваюць іншыя крымінальныя аўтарытэты. Кушнер сядзеў чатыры разы. У 1995-м яму прысудзілі смяротнае пакаранне, за забойствы, якія ён здзейсніў у гомельскай бандзе Марозава, дзе працаваў кілерам. Аднак пасля вырак змянілі на 15 гадоў турмы. Па амністыі Кушняроў выйшаў у 2008 годзе.

Тым часам беларускія пратэстоўцы атрымліваюць рэчаісныя тэрміны ў калоніі, прыкладам, за сарваную з амапаўца балаклаву, як то было ў выпадку з Наталляй Хершэ.

ЯП belsat.eu

Hавiны