Менск шантажуе Варшаву

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Дыпламатычная вайна з Польшчай гэта кепскі знак. Не толькі для польскай меншасці ў Беларусі, але і для ўсіх жыхароў краіны.

Сітуацыя, на маю думку, выглядае прыкладна так. Пасля выхаду ў свет нехтаўскай «фальшыўкі, зробленай у Польшчы» некаторых герояў дакументальнага фільму вельмі закранула, персанальна і эмацыйна. Ведамства Уладзіміра Макея атрымала загад «паставіць на месца» палякаў. Вось і прыгадалі, што адзінаццаць дзён таму (28 лютага) у Берасці адбылася культурніцкае мерапрыемства з нагоды ўшанавання «праклятых жаўнераў». Яно праходзіць амаль кожны год, але гэта не істотна. Вырашылі зрабіць укід праз прапагандыста «Эндрю» Крывашэева, які ачольвае лукашэнкаўскі саюз журналістаў і не бачыць журналістаў за кратамі.

Але так склалася, што толькі ён убачыў «Бурага» на берасцейскім мерапрыемстве палякаў. І менавіта ад яго пайшла фармальная ініцыятыва высылкі польскага консула з Берасця. Так яно і сталася. Механізм запушчаны. Вось так Менск адным выстралам распачаў дыпламатычную вайну з Варшавай, паспрабаваў унесці разлад паміж беларусамі і палякамі, штучна правакуючы дыскусію, якая павінна адцягнуць увагу ад сапраўды важных, вырашальных падзеяў. А пакуль людзі ў сацсетках і некаторых беларускіх СМІ будуць абмяркоўваць гісторыю амаль васьмідзесяцігадовай даўніны, рэжым будзе ператвараць краіну ў турму.

Бо калі б гаворка ішла толькі пра гісторыю, то скончылася б на высылцы польскага дыпламата, а Польшча ў адказ выслала б беларускага (гэта нармальная дыпламатычная практыка) і ўсе б пра ўсё забыліся. Справа ж на шмат сур’ёзней і гісторыя тут не пры чым. Менск наступным крокам высылае асноўных двух польскіх дыпламатаў з Горадні і арыштоўвае дырэктарку польскай грамадскай школы ў Берасці сігналізуючы Варшаве, што пад каток рэпрэсіі могуць пайсці дзеячы польскай меншасці. І могуць стаць чарговымі закладнікамі рэжыму. У адказ Польшча выслала дзьвух беларускіх дыпламатаў. У Польшчы ніхто не мае ілюзіяў, што ідзе паўнамаштабная дыпламатычная вайна. Сітуацыя прыгадвае гульню ў шахматы. Але ў гульцоў на дошцы ўжо даўно няма шаснаццаці фігураў. У Горадні і Берасці засталося па аднаму польскаму консулу, некалькі ў Менску. Калі Лукашэнка не спыніцца, можа дайсці да поўнага прыпынення дыпламатычных стасункаў.

У Берасці затрымалі дырэктарку Польскай школы

Што гэта значыць? Па-першае, менавіта Польшча выдавала і выдае беларусам непараўнальна больш візаў чым іншыя краіны Еўразвязу. Калі польскіх дыпламатаў не будзе, натуральна што візаў таксама не будзе. Беларусам прыйдзецца ездзіць у польскія консульствы ў Расею ці Украіну. Так як у выпадку з візай ЗША. Ці гатовы на такі сцэнар Лукашэнка? Так, бо ўладам у Менску не баліць галава па беларусах, якія працуюць ці вучацца ў Польшчы. Ніхто не будзе пераймацца праблемамі імігрантаў, калі ніхто не пераймаецца сваімі грамадзянамі ўнутры краіны. А ўцякаюць з краіны тысячы і яны для рэжыму «здраднікі» і «ворагі народу».

Польскія консулы пакідаюць Беларусь. Што гэта значыць на мове дыпламатыі?

Зусім у іншай, ня лёгкай, сітуацыі знаходзіцца Польшча, якая разумее, што ў Беларусі жывуць сотні тысячаў палякаў (многія з іх маюць Карты Паляка) і яны для Варшавы не пустое месца. Але не адказаць на выпады рэжыму ў Менску, Польшча таксама не можа. І таму калі ў бліжэйшых днях Менск вышле чарговых польскіх дыпламатаў, Варшава зробіць тое самае ў адказ. Зразумела, што ніякай экстрадыцыі Сцяпана Пуцілы ці іншых апазіцыйных дзеячоў таксама рэжым у Менску не дачакаецца. Таму працяг дыпламатычнай вайны з Польшчай, можа канчаткова пакрыжаваць і без таго дрэнныя стасункі Менску з іншымі краінамі ЕЗ. Не складана здагадацца да чаго гэта прывядзе – беларускае МЗС стане дэ факта філіялам ведамства Сяргея Лаўрова. Бо нават з нейтральнай Швейцарыяй рэжым Лукашэнкі ўмудрыўся пасварыцца.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў