«Гатовы выканаць любы загад»: прадстаўнік BYPOL аб перастановах у сілавых ведамствах


На гэтым тыдні Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Следчага камітэту. Ім стаў Дзмітрый Гара, раней – намеснік генеральнага пракурора. Ён ужо заявіў, што кардынальных змен у дзейнасці ведамства ня будзе.

Дзмітрый Гара – ураджэнец Грузіі. Адукацыю атрымаў у Маскве. З 1993 года працаваў у Камітэце дзяржбяспекі Беларусі. Быў начальнікам следчага ўпраўлення КДБ. Па дадзеных СМІ, менавіта Гара ў мінулым годзе ўзначаліў міжведамасную камісію па праверцы фактаў здзекаў і жорсткага абыходжання падчас затрымання грамадзян на пратэстных мітынгах. Яе стварылі пасля выбараў, але пра вынікі працы гэтай камісіі нічога невядома. Гара змяніў папярэдняга кіраўніка Следчага камітэту Івана Наскевіча. Аляксандр Лукашэнка адправіў яго ў адстаўку. Наскевіч узначальваў ведамства на працягу 6 гадоў.

Тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з прадстаўніком ініцыятывы BYPOL Ігарам Лобанам пра адстаўку Івана Наскевіча і чаму Следчы камітэт называюць самым нелаяльным да ўлады сілавым ведамствам.

Ігар Лобан Скрын з Youtube-канала «Редакция»

НВ: Следчы камітэт Беларусі стаў апошнім сілавым ведамствам, дзе Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніка за апошнія месяцы. Пра што кажуць гэтыя перастаноўкі?

ІЛ: Відавочна, што перастаноўкі, ператасоўкі ў кіраўніцтве сілавога блока – гэта, скажам так, узмацненне сваіх пазіцый. На кіруючыя пасады прызначаныя людзі, якія гатовыя выканаць любы загад, які аддасць Лукашэнка. Чаму мы гаворым менавіта пра адданых людзях – таму што калі паглядзець біяграфію таго ж Гары, то гэта чалавек, які аддаў усё сваё жыццё служэнню ў КДБ, не падвёў, даказаў сваю адданасць. Той жа Сіняўскі, які быў прызначаны на пасаду міністра па надзвычайных сітуацыях, доўгі час служыў у Службе бяспекі прэзідэнта. То бок, гэта проста свае людзі, да якіх ёсць давер.

НВ: А папярэдні кіраўнік СК Іван Наскевіч ня быў сваім?

ІЛ: Ён, скажам так, трапіў у няласку. Быў такі выпадак, калі ён на дакладзе паведаміў, што неабходна каля 20 крымінальных спраў распачаць у дачыненні да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў па фактах катаванняў, па фактах перавышэння ўлады, за што ў прамым сэнсе быў выгнаны з кабінета. Калі да гэтага моманту Следчы камітэт асабліва не надаваў увагі палітычным справам, то пасля разносу ад Лукашэнкі аўтаматычна, па-мойму, у лістападзе, калі быў марш у Курапатах, была ўзбуджаная крымінальная справа, у якой 200 з лішнім адразу падазраваных з’явілася, то бок у дачыненні да ўсіх затрыманых. З тых часоў да яго сталі прыглядацца.

Hавiны
Наскевіча адправілі ў адстаўку. Яго замяніў былы працаўнік КДБ
2021.03.11 12:38

Плюс тут яшчэ такая сітуацыя. Даходзілі чуткі пра тое, што распрацоўвалася магчымасць вяртання Следчага камітата назад у МУС, але гэта вельмі дорага і дало б магчымасць многім следчым звольніцца без наступстваў. То бок, гэта рэарганізацыя, ты маеш права не заключаць новы кантракт, адпаведна, такім чынам атрымаць свабоду, не выплачваць кантрактныя грошы. Таму было прынятае рашэнне зрабіць усё прасцей: прызначыць чалавека, які будзе проста жалезным кулаком трымаць гэтае ведамства, і ўсё.

НВ: Новы кіраўнік СК – ураджэнец Тбілісі. І ўвогуле кіраўнікамі сілавых ведамстваў часта становяцца не беларусы. Гэта выпадковасць або тэндэнцыя?

ІЛ: Як кажуць, выпадковасці не выпадковыя. Тэндэнцыя такая ёсць. Нават калі паглядзець на Міністэрства ўнутраных спраў, дзеючы міністр Кубракоў – гэта першы ўраджэнец Беларусі за доўгі час. Але тут, наколькі мне вядома, ёсць роднасная сувязь з сям’ёй, таму ён атрымаў такі давер.

Hавiны
Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да сябраў BYPOL
2021.03.05 21:46

НВ: У СМІ цыркулюе інфармацыя, што ў цэлым Следчы камітэт самае нелаяльнае да Лукашэнкі сілавое ведамства. Што кажуць вашы крыніцы?

ІЛ: Так, гэта праўда, па тых звестках, якія атрымліваем мы. Зноў жа, фідбэк пасля прызначэння пацвярджае гэта. Прынамсі, у нас былі такія звесткі, што каля 70% следчых аддалі галасы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Адпаведным чынам прагаласавалі на выбарах, ня падтрымаўшы Лукашэнку.

НВ: Новы кіраўнік СК Дзмітрый Гара ўжо паспеў заявіць, што ніякіх кардынальных зменаў у ведамстве ня будзе. На ваш погляд, што нешта зменіцца?

ІЛ: Тэндэнцыя як ішла, так і ідзе да ўзмацнення рэпрэсій. Што тычыцца зменаў унутры ведамства – я ня ведаю, наўрад ці. Магчыма, проста будзе зменены шэраг ключавых кіраўнікоў на сярэдніх пазіцыях, якія будуць больш лаяльныя. Глабальна, у прынцыпе, я думаю, нічога не зменіцца. Можа быць, у самым ведамстве проста пачнецца закручванне гаек, як гэта адбываецца па ўсёй краіне. Гэта магчыма, гэта, хутчэй за, так і будзе, але гэтага не будзе відаць звонку.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў