217 дзён пратэсту: новыя затрыманні і звальненне пракурора

У Беларусі 217 дзён грамадзяне краіны пратэстуюць супраць незаконных арыштаў, гвалту сілавікоў і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. Галоўныя падзеі гэтага дня ў аглядзе «Белсату».

З самай раніцы 13 сакавіка ў Менску адбываліся затрыманні

У Менску на вуліцы Мірашнічэнка АМАП затрымаў «дзве групы пратэстуючых грамадзян». Па інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі там была запланавана акцыя, пяць удзельніц якой павінны былі развешваць улёткі з палітычнымі вязнямі.

Скрыншот з відэа ГУУС Менгарвыканкама

Акрамя жанчын былі затрыманыя яшчэ 5 чалавек, якія насупраць будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску пікетавалі з БЧБ-сцягамі.

З раніцы 13 сакавіка ў Менску затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку – мастачка Лізавета Ганчарова

Таксама сёння, 13 сакавіка, у Менску затрымалі мастачку Лізавету Ганчарову. Тэлеграм-канал BY_culture паведамляе, што Лізавету затрымалі разам з татам.

Павел Латушка звярнуўся да кіраўнікоў Еўразвязу пасля новых галадаванняў

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка запісаў відэазварот да кіраўнікоў Еўразвязу. Нагодай сталі новыя выпадкі галадавання сярод беларускіх палітвязняў.

«Беларусы ўжо даўно зразумелі, што жыццё чалавека для Лукашэнкі нічога не значыць. А ці значаць штосьці жыцці беларусаў для свету і Еўропы? Ці чуюць там стогны і крыкі нашых грамадзянаў, якіх вось у гэту хвіліну мучаць і катуюць, падштурхоўваючы да смерці?», – звярнуўся Латушка.

Сёння 11-ы дзень сухога галадавання гарадзенскага музыкі Ігара Банцэра. А 11 сакавіка пасля новага абвінавачання ад ежы і вады адмовіўся блогер Ігар Лосік. Гэта найбольш небяспечны від галадавання.

Да таго ж, 11 сакавіка вырашыў галадаваць Зміцер Фурманаў. На гэткі крок ён пайшоў праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў гарадзенскай турме.

Дзяўчына Зміцера Фурманава сёння таксама абвесціла галадаванне. Гэта ўжо другі раз з моманту затрымання Зміцера.

Агенцтва па глабальных медыя заклікала вызваліць з турмы блогера Ігара Лосіка

Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) асудзіла рашэнне беларускага ўрада аб прад’яўленні новага абвінавачвання супраць блогера Ігара Лосіка, які знаходзіцца за кратамі ўжо больш чым 260 дзён.

«Недапушчальна, каб рэпартажы аб выбарах у Беларусі каштавалі паважанаму журналісту свабоды. Беларускія ўлады павінны зняць з Ігара ўсе абвінавачванні і неадкладна вызваліць яго», – заявіла выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара USAGM Келу Чао.

З’явілася новая інфармацыя па затрыманні гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына. Як сцвярджае ягоная жонка, гаворка ідзе пра крымінальную справу.

Дзяніса Івашына забралі ўвечары 12 сакавіка з уласнай кватэры. Маці мужчыны паведаміла, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Журналіст знакаміты сваімі расследаваннямі для сайту «Інформнапалм» і газеты «Новы час».

Журналіст Дзяніс Івашын затрыманы ў межах крымінальнай справы

У Горадні звольніўся пракурор, які вёў крымінальныя палітычныя справы пасля выбараў

Пракурор Дзмітрый Грыцук распавёў, што сышоў у адстаўку па пагадненні бакоў, але адмовіўся ад іншых каментароў. Дзмітрый Грыцук удзельнічаў у некаторых крымінальных працэсах, якія пачаліся пасля выбараў.

У Горадні звольніўся пракурор, які вёў крымінальныя палітычныя справы пасля выбараў

Прадстаўнік BYPOL выказаўся аб перастановах у сілавых ведамствах

Тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з прадстаўніком ініцыятывы BYPOL Ігарам Лобанам пра адстаўку Івана Наскевіча і новага кіраўніка Следчага камітэту.

Ігар Лобан Скрын з Youtube-канала «Редакция»

Лукашэнка выказаўся пра фільм Пуцілы

На сённяшняй імпрэзе «Менская лыжня» Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра фільм Сцяпана Пуцілы «Залатое дно», перадае ягоны сайт.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што яшчэ не глядзеў фільм, бо не паспеў.

«Кажуць, дужа вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз, – адзначыў Лукашэнка. – Я таксама зрабіў выснову, што нічога новага тут няма».

Па статыстыкі амаль палова беларусаў мае даход менш як 500 рублёў

На сайце Белстату з’явілася статыстыка сярэднедушавых даходаў беларусаў за 2020 год. 45,5% людзей што месяц маюць сумы, меншыя за 500 рублёў.

Гэты паказчык улічвае не толькі працоўна занятых беларусаў, а яшчэ і пенсіянераў з няпоўнагадовымі, таму не трэба блытаць яго з заробкамі.

Больш за ўсё людзей штомесяц маюць сумы ў дыяпазоне ад 400 да 449,9 рублёў (10,5%). Ледзь меншая колькасць (10,1%) можа пахваліцца даходамі ад 450 да 499,9 рублёў. Усяго 8,7% беларусаў маюць ад 1000 рублёў у месяц – з колькасці насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2020-га вынікае, што гэта каля 818 тысяч чалавек.

Прыкладна 4 мільёны 280 тысяч беларусаў штомесяц маюць менш за 500 рублёў.

АД, belsat.eu

Hавiны