Біятланістка Ганна Сола заняла 4-е месца ў гонцы праследавання на Алімпійскіх гульнях


Беларуская біятланістка Ганна Сола заняла 4-е месца ў гонцы праследавання на Алімпіядзе ў Пекіне. Спартсменка, якая стартавала 26-й, двойчы прамахнулася на лежні і адзін раз страляючы стоячы. Беларуске не хапіла дзесяць секунд да медаля ў біятлоннай гонцы пераследу.

Ганна Сола.
Фота: noc_belarus / Telegram

Чэмпіёнкай Алімпіяды, як і ў спрынце, стала Марта Олсбю Ройзэланд з Нарвегіі. Сярэбраны прызёр – Эльвіра Оберг (Швецыя). Бронза – у Цірыль Экхаф (Нарвегія). Ганна Сола адстала ад пераможцы амаль на 2 хвіліны і толькі дзесяць секунд прайграла ў спаборніцтве за бронзу.

Беларуска Дзінара Алімбекава завяршыла гонку на 19-й пазіцыі. Адразу ўслед за Алімбекавай фінішавала Ірына Лешчанка, якая стартавала на дыстанцыю 57-й. Дапусціўшы два промахі, яна заняла 20-е месца.

Гонка праследавання 13 лютага на Алімпіядзе ў Пекіне. Пад 26-м нумарам выступае Ганна Сола.
Фота: noc_belarus / Telegram

Некалькі днямі раней, 11 лютага, на Алімпіядзе ў Пекіне ў жанчын быў спрынт на 7,5 кіламетра. Тады найлепшай з беларусак стала Дзінара Алімбекава, яна заняла 15-ае месца, дапусціўшы ў стральбе адзін промах. Ірына Лешчанка ў першай стральбе дапусціла два промахі, затым яшчэ адзін і заняла 60-ае месца. Яшчэ адна беларуская біятланістка Алена Кручынкіна не ўдзельнічала ў сённяшняй гонцы, бо з чатырма промахамі прыйшла толькі 70-ая сярод 89 удзельніц.

Ганна Сола – адзіная, хто ў гэтай біятлоннай беларускай камандзе не падпісаў праўладны ліст.

Hавiны
«Не мой дзень». Беларускія біятланісткі не спраўдзілі надзеяў у спрынтарскай гонцы
2022.02.11 17:31

АД, АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў