Беларусы на Алімпіядзе ў Пекіне зноў без медалёў


На Алімпійскіх зімовых гульнях 13 лютага былі разыграны медалі ў гонцы праследавання ў біятлоне. У адзін дзень стартавалі мужчыны і жанчыны. Беларускія аматары гэтага віду спорту чакалі медаль, і ён быў вельмі рэальны ў жаночай гонцы, а вось у мужчын напаткала поўнае расчараванне.

Гонка праследавання 13 лютага на Алімпіядзе ў Пекіне. Пад 26-м нумарам выступае Ганна Сола.
Фота: noc_belarus / Telegram

Ганна Сола – адзіная, хто ў гэтай біятлоннай беларускай камандзе не падпісаў праўладны ліст, заняла чацвёртае месца. Ганна дапусціла два промахі і толькі дзесяць секунд прайгралі нарвежкі Цірыль Экхаф, у якой бронза. Адзначым, што Сола стартавала 26-ай і па ходзе гонкі абагнала 22 чалавекі. Пакуль на гэтай Алімпіядзе Ганна выступала не ва ўсю сваю сілу, яна была 26-ай у спрынце і 54-ай у індывідуальнай гонцы, зараз Сола паказала лепшую хуткасць гэтай гонкі, але крыху не пашанцавала.

Пасля фінішу Ганна сказала тэлеграм-каналу «TEAM BY»:

«Сіл не засталося. Выклалася ў гонцы пераследу на сто адсоткаў. Агульнае самаадчуванне – добрае. Тут няпростая вышыня: складана бегчы, але сёння парадавала стральба. Адкрылася другое дыханне. Настройваюся на наступныя гонкі. Буду старацца паказаць максімум. Дзякуй вялікі нашым заўзятарам! Вельмі прыемна, што яны за нас хварэюць і падтрымліваюць нават калі ў нас нешта не атрымоўваецца».

Яшчэ больш здзівіла Ірына Лешчанка, яна стартавала апошняй 57-ай, але ў выніку заняла 20-ае месца. Дзінара Алімбекава, свой вынік пагоршыла: стартаваўшы з 15-й пазіцыі, Дзінара фінішавала 19-ай. Пасля гонкі Алімбекава адмовілася размаўляць з журналістамі.

Перамогу ў другой гонцы запар атрымала яшчэ адна прадстаўніца Нарвегіі Марта Олсбю Ройзэланд, у яе адной ужо два золата і бронза, і медалёў у тры разы больш, чым ва ўсёй зборнай Беларусі.

Калі падчас жаночай гонкі надвор’е было дрэннае, то падчас мужчынскага старту яно канчаткова сапсавалася. У выніку гоншчыкі нарабілі промахаў на стральбе, асабліва моцна дрэнная стральба паўплывала на вынікі беларусаў: уладальнік адзінага беларускага медаля на гэтай Алімпіядзе Антон Смольскі прамахнуўся шэсць разоў і ператварыў сваё стартавае дзясятае месца ў чатырнаццатую пазіцыю, хоць напярэдадні шанцы на медалі ацэньваў высока.

Антон Смольскі на Алімпійскіх гульнях у Пекіне 13 лютага.
Фота: noc_belarus / Telegram

Шэсць промахаў у Мікіты Лобастава, пры гэтым пры такой стральбе ён палепшыў свае стартавыя пазіцыі, перамясціўшыся з 57-га месца на 45-ае. Гонку выйграў француз Майе, срэбра ў нарвежца Тарʼе Бо, бронза ў расяяніна Эдуарда Латыпава, які, дарэчы, нарадзіўся ў Горадні.

Hавiны
«Не мой дзень». Беларускія біятланісткі не спраўдзілі надзеяў у спрынтарскай гонцы
2022.02.11 17:31

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў