За содні ў Беларусі 290 чалавек пацярпелі ад галалёду і халадовых траўмаў


Снег у Менску.
Фота: ТК / Белсат

Мінздароўя просіць усіх грамадзянаў – выходзячы на ​​вуліцу, будзьце ўважлівыя, паведамляе ТГ-канал міністэрства.

На Берасцейшчыне звярнуліся па медычную дапамогу 56 чалавекі, з якіх 6 атрымалі халадовыя траўмы, а галалёдныя – 50. У больніцы шпіталізаваныя 12 пацярпелых.

На Віцебшчыне зарэгістравана 25 пацярпелых, з іх ад холаду атрымаў траўмы 1 чалавек, а ад галалёду – 24. У больніцы трапілі 3.

У Гомельскай вобласці атрымалі траўмы 62 чалавекі, з іх 4 пацярпелі ад холаду, а 58 – ад галалёду. Шпіталізаваныя 2 пацыенты.

На Гарадзеншчыне з 33 чалавек, якія звярнуліся па дапамогу, 5 маюць праблемы ад холаду, і 28 – ад галалёду. У больніцы трапілі 6.

У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны 41 пацыент. Халадовыя траўмы дыягнаставалі ў дваіх, а 39 чалавек пацярпелі ад галалёду. У больніцы трапілі 5 чалавек.

У Менску і Менскай вобласці 73 чалавекі звярнуліся да медыкаў, з іх ад холаду пацярпелі 2 чалавекі, а ад галалёду – 71. Шпіталізацыя спатрэбілася 4 пацыентам.

У сувязі з папярэджаннем МНС, нагадваем – сёння, 13 лютага, на большай частцы тэрыторыі рэспублікі захаваецца паўночны вецер парывамі да 15–20 м/с. У шмат якіх раёнах па-ранейшаму мяцеліца, на дарогах снежныя заносы, на паўднёвым усходзе краіны – моцны снег.

Мінздароўя яшчэ раз просіць усіх грамадзянаў: выходзячы на ​​вуліцу, будзьце ўважлівыя. Выбірайце правільны абутак для прагулак. Калі ўсё ж траўмы пазбегнуць не ўдалося – звярніцеся ў найбліжэйшы траўмапункт! Беражыце сябе!

Стужка навінаў