VEHA выпускае новыя кнігі са здымкамі беларускіх вяселляў і пахаванняў


Фота: http://veha.by

Вяселле і смерць звязаныя ў самым глыбінным сэнсе. Бывае, што ў сямейных архівах ад чалавека застаюцца толькі дзве фатаграфіі – вясельная і пахавальная.

Незалежная ініцыятыва VEHA плануе выданне дзвюх новых альбомаў з архіўнымі фотаздымкамі беларусаў і беларусак. Яны прысвечаныя самым старым і агульнавядомым сямейным рытуалам: вяселлю – «Дзявочы вечар», пахаванню – «Апошні фотаздымак».

Фота: http://veha.by
Фота: http://veha.by

Кнігі змяшчаюць больш за 300 фотаздымкаў, якія былі зробленыя з 1900 да 1985 году на тэрыторыі сучаснай Беларусі. VEHA сабралі іх дзякуючы аматарам фатаграфіі і калекцыянерам, якія дасылалі фотаздымкі са сваіх прыватных архіваў, а таксама ўнёску 13 музеяў. Акрамя багатага фатаграфічнага матэрыялу чытачы знойдуць у выданнях суправаджальныя тэксты, якія дапамагаюць уявіць кантэкст стварэння фота. Аўтаракі тэкстаў імкнуцца не толькі распавесці пра традыцыі беларусаў, але кажуць таксама пра гістарычныя, сацыяльныя ўмовы, у якіх развівалася беларуская сям’я, кажуць пра стан жанчыны ў грамадстве і табуіраванасць тэмы смерці. Разважаюць пра трансфармацыю рытуалаў вяселля і пахавання да сённяшняга дня і пра практыкі захавання гістарычнай памяці і даследавання гісторыі сваёй сям’і праз фотаархівы.

Кнігі паступяць у продаж у сакавіку, але вы ўжо зараз можаце пагартаць іх онлайн па спасылцы тут.

Фота: http://veha.by
Фота: http://veha.by

Альбомы «Дзявочы вечер» і «Апошні здымак» візуалізуюць дзве глабальныя вехі чалавечага лёсу – стварэнне сям’і і развітанне з памерлым чалавекам. Праз гэтыя падзеі мы прасочваем цэлае стагоддзе ў жыцці нашых суайчыннікаў з розных сацыяльных груп і рэгіёнаў. Я ўмоўна (пра сябе) назвала два альбома «белай» і «чорнай» кнігай, бо вобразы і эмоцыі, якімі яны прасякнуты, як дзень і ноч, агонь і цемра, разам з’яўляюцца непарушнай еднасцю, якую трэба прыняць і пражыць кожнаму ці кожнай. Альбомы паказваюць, як праз гэта прайшлі больш як тры пакалення нашых продкаў. Я знайшла ў гэтых альбомах безліч зачэпак для разваг пра штодзённасць беларусаў у ХХ стагоддзі і шмат неймаверна хвалюючых дэталяў якія можна разглядаць бясконца. Як цікаўным позіркам даследчыка, так і любячымі вачыма чалавека, які аднаўляе повязь са сваімі вытокамі, – кажа Лідзія Міхеева, рэдактарка кніг.

Фота: http://veha.by

«Гэты праект пачаўся ў 2018 годзе з выставы «Дзявочы вечар» у рамах фестывалю Месяц фатаграфіі ў Менску. Тады мы пачалі збіраць новую калекцыю, апісваць, каталагізаваць. Фотаздымкаў даслалі так шмат, што сышло паўгода толькі каб апрацаваць увесь матэрыял, падпісаць і размясціць у архіве на нашым сайце. Што асабліва прыемна, нам пачалі актыўна адказваць беларускія музеі і некаторыя нават дасылалі адсканаваныя фатаграфіі са сваіх калекцый. Будучы на ​​стыпендыі Gaude Polonia я правяла чатыры выставы «Дзявочы вечар» у Польшчы і Беларусі і шэраг імпрэзаў, на якіх падымаліся пытанні камунікацыі паміж жанчынамі ў патрыярхальным грамадстве, сімвалічны вобраз вянка, разуменне рытуалаў і новая савецкая абраднасць. Сам праект стварэння кніг VEHA грамадзянскі, ён рэалізаваны без фінансавання і спонсарскай падтрымкі. Сродкі на выданне, як і з першай нашай кнігай «Найлепшы бок», мы планавалі сабраць праз краўд-кампанію. На пачатак 2020 быў запланаваны старт кампаніі – але, сітуацыя з каронавірусам і грамадскі крызіс сталі прычынай адкласці ўсе, хоць першая кніга была гатова.

Фота: http://veha.by

Мы не сталі чакаць паляпшэння сітуацыі, адразу пачалі працаваць над новай кнігай VEHA. Сутыкненне са смерцю і новыя абрады, якія даў нам 2020, ды поўнае змяненне спосабаў камунікацыі, сталі прычынай пашырыць праект, стварыць белую і чорную кнігу. Кнігі пра рытуалы класічныя і шмат у чым вельмі падобна «вяселле і пахаванне». Мы сабралі сапраўды ўнікальны візуальны матэрыял, гэта важныя кнігі, таму што падобнай дакументацыі нашай візуальнай гісторыі яшчэ не было. Цяпер задача – проста выпусціць кнігі ў свет, каб праца не была марнай, а сабраны намі матэрыял быў карысны іншым даследчыкам_цам. Мы ўжо не можам запусціць краўд, пляцоўка «Вулей» знішчана. Зараз мы збіраем перадзамовы, каб зразумець, які павінен быць наклад і будзем укладваць у друк кніг свае грошы. Мы зробім усё магчымае, каб выпусціць кнігі, таму што ў стварэнні прынялі мноства людзей – даслаў нам свае сямейныя архівы, гэты кнігі не толькі пра традыцыі, яны пра абʼяднанне супольнасці і сумеснае захаванне культурнай спадчыны Беларусі», кажа – Леся Пчолка, куратарка праекту.

VEHA – гэта незалежная ініцыятыва, якая займаецца захаваннем аматарскай архіўнай фатаграфіі і гісторыяй штодзённасці.

Фота
«Дзе месца пахавальнай фатаграфіі?» Беларусы расказваюць, як працаваць з сямейнымі архівамі
2020.05.17 17:22

АА belsat.eu

Стужка навінаў