«Прымітыўны акт помсты спецслужбаў». Што трэба ведаць пра суд над Дар'яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай


Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

У аўторак, 16 лютага, суд Фрунзенскага раёну Менску працягне разглядаць крымінальную справу супраць журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія ўжо больш за тры месяцы перабываюць за кратамі. Belsat.eu распавядае пра сутнасць справы і нагадвае, як прайшоў першы дзень суда.

Першае паседжанне суда адбылося 9 лютага. У гэты дзень прадстаўніца пракуратуры Аліна Касьянчык распавяла, у чым абвінавачваюць журналістак, у судзе апыталі ўсіх 7 сведкаў, а таксама ўзялі тлумачэнні з абвінавачваных. Пасля гэтага суддзя Наталля Бугук абвесціла перапынак да 14:30 16 лютага. Чым выкліканы такі працяглы перапынак у працэсе, яна не патлумачыла.

У чым абвінавачваюць Кацярыну і Дар’ю

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Журналістка Кацярына Андрэева падчас судовага паседжання. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, журналісткі 15 лістапада ў невядомы час «з карыслівых меркаванняў» і «паводле папярэдняе змовы» зарганізавалі дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак. Як адзначаецца ў абвінаваўчым акце, гэтае «злачынства» здзяйснялася пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамеры, мікрафона, штатыва і камізэлькі з надпісам «Прэса» шляхам «агучвання інфармацыі, у тым ліку змешчанай у дэструкцыйных акаўнтах у сацыяльных сетках».

На думку Аліны Касьянчык, Кацярына і Дар’я праз стрым сабралі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, схілялі пратэстоўцаў да канкрэтных дзеянняў і нават кіравалі імі. Дзяржаўная абвінаваўца заявіла, што Кацярына ў жывым эфіры нібыта «выказвала просьбы пад’ехаць на месца правядзення несанкцыянаванай акцыі» і «давала станоўчыя ацэнкі» дзеянням пратэстоўцаў.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Прадстаўніца пракуратуры сцвярджае, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хоць бальшыня з гэтых маршрутаў наагул не мае дачынення да плошчы Пераменаў). Шкода «Менсктрансу» была ацэненая на 11 562 руб. 14 кап.

Таксама Аліна Касьянчык заявіла, што Кацярына і Дар’я самі бралі ўдзел у акцыі пратэсту: яны нібыта «выкрыквалі лозунгі» і здзяйснялі «гучныя воплескі рукамі».

Якія доказы супраць журналістак былі агучаныя ў судзе

Ніякіх. Прадстаўніца пракуратуры Аліна Касьянчык ні на што не спасылалася і нічым не абгрунтоўвала сваіх высноваў.

Ніводны з сямі апытаных сведкаў не распавёў нічога, што б мела дачыненне непасрэдна да абвінавачання, выстаўленага журналісткам. Ніводны са сведкаў не сказаў, што падзеі на плошчы Пераменаў былі нейкім чынам звязаныя са стрымам «Белсату».

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас паседжання над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Напрыклад, апыталі сведку Мікалая Скарыну – жыхара аднаго з дамоў на плошчы Пераменаў. Ён 15 лістапада тэлефанаваў у міліцыю і скардзіўся на несанкцыянаваную акцыю пратэсту пад сваймі вокнамі. Аднак Кацярыны і Дар’і ён тады не бачыў і ніяк не звязваў падзеі на вуліцы з журналісцкім стрымам. Скарына наагул лічыў, што пратэсты нібыта каардынаваліся з нейкага аўтамабіля, што стаяў у двары.

«А прычым тут я да той карціны, якую вы апісалі?» – запыталася ў сведкі Кацярына Андрэева, аднак гэтае пытанне суддзя зняла.

Прадстаўнік прадпрыемства «Менсктранс» Раман Прановіч не змог патлумачыць, хто канкрэтна і пры якіх абставінах спыніў рух грамадскага транспарту.

Лілія і Дзмітрый Марозы, гаспадары кватэры, адкуль журналісткі вялі стрым, распавялі, што пусцілі Кацярыну і Дар’ю да сябе, каб тыя змаглі весці трансляцыю з плошчы Пераменаў. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку журналістак «Белсату» гаспадары кватэры не бачылі. «Інакш я б папрасіў іх выйсці», – дадаў Дзмітрый Мароз. Тое ж самае ў судзе распавяла Алена Дзядзюля – сяброўка сям’і Марозаў, якая ў той дзень была ў іх у гасцях.

Ігар Ільяш, муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, на паседжанні суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Сведка Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай, заявіў на судзе, што ягоная жонка не здзяйсняла супрацьзаконных дзеянняў: яна проста выконвала свае журналісцкія абавязкі, і гэта бачылі дзясяткі тысяч чалавек онлайн.

Нарэшце ў судзе дапыталі таксіста Яўгена: акрамя таго факту, што ён 15 лістапада падвозіў журналістак да плошчы Пераменаў, хлопец больш нічога патлумачыць не змог.

Што казалі журналісткі

Кацярына і Дар’я цалкам не прызнаюць сваёй віны. Шкоды, нібыта ўчыненай падзеямі 15 лістапада «Менсктрансу» (11 562 руб. 14 кап.), яны таксама не прызналі, але сваякі журналістак усё ж скампенсавалі гэтыя грошы дзяржаўнаму прадпрыемству.

«Аплата кампенсацыі пацвярджае тое, што я прыстойны чалавек, і дае мне магчымасць зрабіць гэта на карысць прадпрыемства з мэтай павышэння якасці паслугаў, што ажыццяўляюцца», – адзначыла Дар’я Чульцова.

Гісторыі
«Гэта і ёсць любоў да Беларусі». Як Даша Чульцова, якую судзяць за стрым, прыйшла ў журналістыку
2021.02.09 11:16

Дар’я Чульцова адмовілася даваць паказанні ў судзе, і таму ў працэсе зачыталі ейныя пісьмовыя тлумачэнні. «Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеянняў не схіляла. У матэрыялах справы няма доказаў супрацьпраўных дзеянняў», – падкрэсліла дзяўчына ў гэтых тлумачэннях.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Кацярына Андрэева выступіла на судзе з прамоваю, у якой падрабязна разабрала і зняпраўдзіла ўсе закіды з боку следства. Яна адзначыла, што выконванне сваіх прафесійных абавязкаў за заробак нельга лічыць «карыслівымі меркаваннямі», а рыхтаванне да стрыму абсурдна называць «папярэдняю змоваю».

Кацярына падкрэсліла, што пратэсты 15 лістапада адбываліся незалежна ад ейных волі і жадання. Калі яна прыбыла на плошчу Пераменаў, пляцоўка ўжо была запоўненая людзьмі, таму ніяк не магла іх сабраць. Акрамя таго, пратэстоўцы не маглі адначасова глядзець стрым і браць удзел у акцыі пратэсту, бо ў той момант спецслужбы блакавалі мабільны інтэрнэт у Менску. Таксама Кацярына падкрэсліла, што нікога не схіляла да «грубага парушэння грамадскага парадку» пры дапамозе стрыму.

Атмасфера на паседжанні суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

«Мае выказванні насілі выключна нейтральны характар. Яны зʼяўляліся апісаннем таго, што адбываецца, і ніяк не могуць быць расцэненыя як просьбы здзяйсняць дзеянні, якія «груба парушаюць грамадскі парадак», – канстатавала яна.

«Я абсалютна невінаватая ў злачынстве, у якім мяне абвінавачваюць. Я лічу свой пераслед палітычна матываваным, а справу супраць мяне сфабрыкаванай ад пачатку да канца. Гэта прымітыўны акт помсты спецслужбаў за маю прафесійную дзейнасць, за добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў журналіста», – падкрэсліла Кацярына.

Ейны выступ прысутныя ў зале сустрэлі апладысментамі.

Чаго чакаць ад паседжання 16 лютага

Паводле плану, на паседжанні 16 лютага будуць разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. У прыватнасці, мусяць прагледзець шматгадзінны стрым, што вялі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова з плошчы Пераменаў.

Суддзя Наталля Бугук адмыслова папярэдзіла адвакатаў, каб яны рыхтаваліся да судовых спрэчак. Гэта значыць, што Бугук разлічвае скончыць судовае следства 16 лютага. Такім чынам, вырак можа быць вынесены ў найбліжэйшыя дні.

Атмасфера падчас суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат
Hавiны
«Людзі ведалі, што на плошчы Пераменаў ёсць журналісты, што вядзецца стрым»
2021.02.08 21:13

АА belsat.eu

Стужка навінаў