Праз снег і вецер ДАІ ўвяла план «Надвор'е», а МНС распавяло пра выцягнутыя машыны


Фота: МНС

З-за складаных умоў надворʼя план «Надворʼе» уведзены на ўсёй тэрыторыі Менскай вобласці, паведамляе TUT.BY са спасылкай на МУС.

У ДАІ распавялі, што на ўчастку трасы Р23 Менск–Мікашэвічы (112-137 км) у сувязі з моцнымі перамётамі снегу абмежаваны рух у абодвух напрамках. Арганізаваны часовы абʼезд па дарозе Слуцк–Пагост. У цяперашні час на Р23 працуе снегаўборачная тэхніка.

«За мінулыя суткі з-за снегападаў бачнасць на дарогах Меншчыны значна пагоршылася. У аператыўным рэжыме па ўборцы снегу і апрацоўцы праезнай часткі пясчана-салянай сумессю ў суправаджэнні ДАІ працавала спецтэхніка. Дадзеная прафілактычная праца працягваецца і цяпер. Калі вы бачыце праблемныя ўчасткі на дарозе за населеным пунктам – тэлефануйце на адзіны нумар 125», – праінфармавалі інспектары.

У МНС паведамілі колькі аўтамабіляў засела на дарогах краіны

У мінулыя суткі ў некаторых раёнах Беларусі выпала да 9 мм снегу. Больш за ўсё ападкаў выпала ў Горадні і Мсціслаўлі. Максімальная вышыня снежнага покрыва ў гэтых гарадах складае 42 см.

Са снежных заносаў на дарогах па ўсёй краіне ратавальнікі вызвалілі 232 аўтамабіляў. Часцей за ўсё дапамога патрабавалася аўтамабілістам Магілёўскай і Менскай вобласцей.

Неспрыяльная абстаноўка, у сувязі з умовамі надворʼя прадоўжыцца ўсе выходныя. Узмоцніцца вецер, будзе ісці снег. У МНС рэкамендуюць устрымлівацца ад паездак, не паркаваць аўто побач з дрэвамі або з трухлявымі дамамі.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў