Польшча паслабляе каранцін. Ён каштаваў бюджэту мільярды долараў

Вялізныя страты бюджэту і рэкордная запазычанасць. Варшава толькі пачынае лічыць кошт барацьбы з заразаю.

З пятніцы 12 лютага ў Польшчы працуюць гатэлі, кіно, філармоніі, оперы і тэатры. Працуюць у жорсткім санітарным рэжыме, уласнікі гэтых аб’ектаў запоўніць могуць толькі палову даступных месцаў. На гэткіх варунках урад таксама дазволіў адчыніць гарналыжныя цэнтры і басейны (аквапаркі ж па-ранейшаму не працуюць). Адчынілі пакуль толькі на два тыдні – да 26 лютага. Калі эпідэмічная сітуацыя не пагоршыцца, улады плануюць адмарожваць чарговыя сектары эканомікі. Дагэтуль у краіне зачыненыя ўсе гастранамічныя аб’екты – рэстарацыі і кавярні працуюць толькі «на вынас», не працуюць спартовыя ўстановы закрытага тыпу (фітнес-клубы). Калі ж пасля двух тыдняў колькасць хворых павялічыцца, улады нават не хаваюць, што палякаў чакае чарговы локдаўн.

Грошы ці жыццё?

Амаль за год, з сакавіка 2020 года, каронавірус забраў жыцці больш за 40 тысяч палякаў. Перахварэлі больш за 1,5 мільёна асобаў. У мінулую пятніцу мясцовае міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 6379 новых захворванняў і 247 памерлых. У Польшчы амаль ніхто, акрамя маргінальных групаў прыхільнікаў неверагодных тэорыяў, не мае сумневу, што без жорсткіх абмежаванняў і спынення эканомікі ахвяраў было б нашмат больш.

Фота: Julia Zabrodzka / Forum

Эканамічныя страты Польшча толькі пачынае падлічваць, і атрыманыя цяпер лікі далёка не канчатковыя. З апошніх звестак вынікае, што на падтрыманне фірмаў, ратуючы месцы працы, урад ужо выдаў больш за 180 мільярдаў злотых (амаль 50 мільярдаў долараў). У сваю чаргу, яшчэ ў лістападзе прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі казаў, што барацьба з эпідэміяй паглынула больш за 300 мільярдаў злотых (больш за 80 мільярдаў долараў). Для параўнання: ВУП Беларусі летась склаў крыху больш за 56 мільярдаў долараў.

Меркаванні
Трынаццатая пенсія, бясплатны праезд і лекі. Як жыве сярэднестатыстычны пенсіянер Варшавы?
2020.12.04 10:58

Але ж грошы не бяруцца з паветра. Дзяржаўны доўг Польшчы (на які складаюцца, сярод іншага, замежныя пазыкі для пакрыцця дэфіцыту бюджэту), што сплочваць прыйдзецца наступным пакаленням, пабіў усе папярэднія рэкорды. З апошніх звестак статыстычнай службы ЕЗ «Еўрастат» вынікае, што доўг гэты складае больш за 1,3 трлн злотых, або 351 мільярд долараў, – каля 57 адсоткаў ВУП Польшчы. У год пандэміі лік дзяржаўных пазыкаў павялічыўся на больш за 252 мільярды злотых (68 мільярдаў долараў). А паводле Канстытуцыі, Польшча не можа запазычыцца больш як на 60 адсоткаў ВУП.

Адзін са шпіталяў у Варшаве падчас эпідэміі каронавіруса. Студзень 2021 г.
Фота: Filip Blazejowski / Forum

Непараўнальна горшая ў гэтым сэнсе сітуацыя на Кіпры і ў Грэцыі, дзе дзяржаўныя пазыкі прамінулі ўжо не адну чырвоную мяжу (больш за 200 адсоткаў ВУП), Італіі (157), Партугаліі (131), Іспаніі (114). Найменш у мінулым годзе запазычылася Ірландыя, Швецыя ці Нарвегія.

Што пасля пандэміі?

Не сакрэт, што шмат якія польскія фірмы не дажывуць да канца пандэміі. Найбольшыя праблемы адчувае гастраномія, якую вірус паклаў на лапаткі. Уласнікі польскіх рэстарацыяў на пачатку лютага заявілі, што рыхтуюць калектыўную позву ў суд супраць польскай дзяржавы за страты, якія зазналі падчас локдаўну. Агулам, як лічыцца, вядзецца пра больш за 1 мільярд злотых (270 мільёнаў долараў). Уласнікаў рэстарацыяў і кавярняў бароніць няўрадавая арганізацыя «Эканамічная палата польскай гастраноміі». У калектыўнай позве прэтэнзіі да ўладаў выказваюць каля тысячы прадпрымальнікаў з гэтага сектару. Хутчэй за ўсё, судзіцца з дзяржаваю будуць і прадстаўнікі іншых галінаў эканомікі, наступныя ў чарзе за рэстаратарамі – фітнес і спартовыя клубы. Фінансавыя страты польская дзяржава будзе падлічваць яшчэ доўга, колькасці ж людскіх жыццяў, выратаваных дзякуючы гэтым радыкальным абмежаванням, не падлічыць ніхто.

Пункт вакцынацыі ад COVID-19 у Варшаве. Студзень 2021 г.
Фота: Adam Chelstowski / Forum

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў