«Падчас спаткання ў СІЗА Віктар сказаў: выходзь за мяне». Зняволенне вярнула і ўзмацніла каханне


Маладыя берасцейцы – 27-гадовы Віктар Панцялееў і 24-гадовая Яўгенія Аўчыннікава – былі разам цягам чатырох гадоў да траўня 2020 года. Абодва з гарачымі характарамі, увесну пасварыліся і разышліся. Пры канцы жніўня Яўгенія даведалася, што Віктар – за кратамі, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых закалотах у Берасці 10 жніўня. Дзяўчына напісала былому хлопцу ліст. У ліставанні маладыя людзі даравалі адно аднаму і зноў сышліся, а падчас спаткання ў СІЗА Віктар зрабіў Яўгеніі прапанову.

«Няўжо выхад на вуліцу заслугоўвае ад 3 да 8 гадоў за кратамі?»

Віктара Панцялеева затрымалі 18 жніўня. Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а 21 жніўня перавялі ў СІЗА № 7 у Берасці і выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што выявіўся ў гвалце над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам уладаў. У закалотах у цэнтры Берасця Віктар нібыта браў удзел 10 жніўня. Маладзёну пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Віктара Панцялеева палітвязнем.

Віктар і Яўгенія. Фота з асабістага архіву суразмоўцы «Белсату»

Яўгенія Аўчыннікава даведалася пра затрыманне на той момант былога хлопца з сацыяльных сетак. Пасля навіну пацвердзіў сябар – распавёў, што Віктар спачатку ўсё спадзяваўся, што хутка выйдзе, а затым напісаў: перадайце ў СІЗА тэлевізар. Гэтак зразумелі, што справа сур’ёзная.

Яўгенія кажа, што Віктар сапраўды выходзіў на вуліцы Берасця 10 жніўня. Дакладных матываў дзяўчына не ведае, бо на той момант яны не сустракаліся. Але раней маладзён ніколі не выказваў нейкай выразнай палітычнай пазіцыі, адзначае Яўгенія. Калі яны былі разам, то не абмяркоўвалі палітыкі, дзеянняў уладаў і ўвогуле хацелі з’ехаць з Беларусі. Віктар, паводле ягонай сяброўкі, просты добры хлопец, жыў звычайным жыццём, цікавіўся аўтамабілямі, працаваў кіроўцам цяжкавіка. Жыў з мамай і малодшым братам.

Абвінавачанне Яўгенія лічыць абсурдным.

– Гэта ўсё не справядліва, – кажа дзяўчына. – Няўжо выхад на вуліцу для таго, каб выказаць сваю нязгоду з вынікам выбараў і падтрымаць сяброў, знаёмых, якія жывуць з табой у адным горадзе, заслугоўвае ад 3 да 8 гадоў зняволення?

Яўгенія Аўчыннікава.
Фота: МХ / Белсат

«Абяцаў, што зробіць арыгінальную прапанову»

Да непаразумення ў траўні Віктар і Яўгенія былі разам на працягу чатырох гадоў. Дзяўчына пачала пісаць былому хлопцу, калі даведалася пра затрыманне. У выніку падчас ліставання пара зноў сышлася. На пачатку лютага маладым людзям дазволілі спатканне, падчас якога, паводле Яўгеніі, Віктар зрабіў ёй прапанову.

– Так і сказаў – выходзь за мяне, давай распішамся наўпрост тут, – распавядае дзяўчына. – За ўсе чатыры гады, што мы разам, гэта, напэўна, было самае рамантычнае нашае спатканне, хоць і ў СІЗА, – столькі эмоцыяў было. Ён казаў, што хоча сям’ю, дзяцей. Ён заўсёды абяцаў мне, што зробіць арыгінальную прапанову – абяцанне выканаў.

Ліст Віктара з СІЗА. Фота з асабістага архіву суразмоўцы «Белсату»

Пайсці замуж за Віктара Яўгенія згодная, але не хоча распісвацца ў СІЗА – кажа, што, як кожнай дзяўчыне, ёй хочацца сапраўднага вяселля.

– Я веру, што дабро пераможа зло, яго выпусцяць, і мы зладзім свята як мае быць, – кажа берасцейка.

Адначасова Яўгенія гатовая чакаць столькі, колькі спатрэбіцца.

– Я буду і пяць, і восем гадоў чакаць. Для мяне ўвогуле гэтае пытанне не стаіць – я паабяцала. Я ўжо не бачу іншага мужчыны каля сябе, – падкрэслівае нявеста зняволенага.

Яўгеніі 24 гады. Яна скончыла Універсітэт культуры ў Менску, вярнулася ў роднае Берасце. Да выбараў працавала ў структуры афіцыйных прафсаюзаў, займалася турыстычнымі паездкамі, але звольнілася. Цяпер, кажа дзяўчына, жыве з падпрацовак, бярэцца за кожную працу, бо патрэбныя грошы.

«Гэтае выпрабаванне загартоўвае нашыя пачуцці»

Пра Віктара Яўгенія распавядае, што ён «трымаецца на пазітыве», хоць са жніўня двойчы пабываў у карцары. Умовы ў камеры маладзён апісвае як нармальныя, кажа, што не сумуе – шмат чытае, піша лісты, глядзіць тэлевізар. Зняволеных рэгулярна выводзяць на шпацыры. Ёсць магчымасць займацца спортам. Маладзён імкнецца перажываць сітуацыю з гумарам, кажа ягоная нявеста.

– Ён змяніўся за гэты час, – зазначае берасцейка. – Я б сказала, што стаўся больш мужным, інакш думае, разважае, больш сур’ёзны зрабіўся.

Віктар і Яўгенія. Фота з асабістага архіву суразмоўцы «Белсату»

Паводле Яўгеніі, Віктар атрымлівае шмат лістоў, у тым ліку – з-за мяжы. Адказвае ўсім. Перабой з лістамі, кажа дзяўчына, быў на пачатку года, але цяпер даходзяць усе. У берасцейскім СІЗА няма праблемаў з перадачамі, зазначае Яўгенія.

– Нас там ужо ведаюць у твар – родных палітвязняў, стараюцца хутка прымаць перадачы, – кажа дзяўчына.

Каб падтрымаць жаніха, Яўгенія прыдумала для яго незвычайнае віншаванне на Новы год.

– Я ведаю, куды выходзяць вокны ягонай камеры. Я хацела, каб ён пачуў мяне. Ён ведаў, што я прыйду, і чакаў, – распавяла дзяўчына. – Я прыйшла каля гадзіны пасля апоўначы, падышла да сценаў СІЗА і крыкнула: «З Новым годам! Віця, я цябе кахаю!» Таксама праз радыё перадавала яму прывітанні.

Яўгенія кажа, што імкнецца мужна ўсё ператрываць.

– Гэтае выпрабаванне загартоўвае нашыя пачуцці, робіць іх больш сур’ёзнымі і моцнымі, – кажа берасцейка.

СІЗА №7 у Берасці.
Фота: МХ / Белсат

Абвінавачаных праз падзеі 10 жніўня ўжо 66 чалавек

Паводле нявесты Віктара Панцялеева, сёння вядома пра 66 абвінавачаных праз падзеі 10 жніўня. Але канчатковы лік можа быць большым, бо затрыманні працягваюцца. Каля 30 асобаў з гэтых 66 застаюцца ў СІЗА, астатнія чакаюць судоў удома.

– Мы так і не зразумелі, чаму нехта за кратамі, а нехта – удома, – кажа Яўгенія. – Я спрабавала паразмаўляць з тымі, хто застаўся на волі, але яны не хочуць выходзіць на сувязь.

Суды праз закалоты 10 жніўня пачынаюцца ўжо 15 лютага.

Гісторыі
«Прызнавайся і здавай усіх, ці сядзеш на 8 гадоў». Размова з маці 17-гадовага палітвязня
2021.02.07 13:12

– Іх будуць судзіць групамі па 10–12 чалавек – нібыта там была нейкая групавая змова, – кажа Яўгенія. – Але гэтыя людзі не былі знаёмыя міжсобку, а на вуліцы выйшлі з пустымі рукамі, без масак, не хаваючы твараў. Пра якую змову і намер здзейсніць злачынства тут можна казаць? Я лічу, што гэты артыкул цалкам прыцягнуты за вушы, і ў выніку за кратамі маладыя годныя людзі, без ранейшых судзімасцяў, спартоўцы, шматдзетныя бацькі.

Віктара ў першай «дзясятцы» няма, і калі яго будуць судзіць – пакуль не вядома.

У Берасці паўстала суполка падтрымання родных палітвязняў

Яўгенія распавяла, што родныя палітвязняў стварылі суполку ўзаемнага падтрымання. Дзяўчына параўноўвае яе з рухам «Маці-328».

– Мы рэгулярна сустракаемся, дзелімся эмоцыямі, запрашаем на сустрэчы псіхолага, – кажа Яўгенія. – Адно без аднаго мы хіба што не справіліся б. Таму што калі патэлефанаваць, напрыклад, проста сяброўцы і распавядаць, як ты збірала перадачу, яна, калі не сутыкалася з гэтым, хутчэй за ўсё, не зразумее. У нашай суполцы мы ўсе разумеем, тут не трэба тлумачыць.

Удзельнікі Нацыянальнага маршу «За свабоду». Берасце, 16 жніўня 2020 года. / Belsat.eu

Сябраваць з блізкімі палітвязняў Яўгенія пачала выпадкова.

– Каля СІЗА я ўбачыла жанчыну з бела-чырвонымі пазногцямі. У яе была такая пустэча ў вачах, – згадвае дзяўчына. – Я яе зусім не ведала, але вельмі захацелася яе падтрымаць, я падышла да яе, абняла. Мы абмяняліся тэлефонамі. Выявілася, што ў яе ў СІЗА муж і сын. Гэтак мы пачалі камунікаваць, а потым далучыліся іншыя людзі.

Гісторыі
«Для нас больш няма чорнага і белага – толькі чорнае». Бацька дырэктара Прэс-клубу возіць яму перадачы за 150 км
2021.02.10 07:36

Суполка стараецца сустракацца штотыдзень. Прыходзяць на сустрэчы і мужчыны, і жанчыны, цэлыя сем’і. Акрамя ўзаемнага падтрымання, сябры суполкі стараюцца рабіць нешта, каб дапамагчы сваім родным за кратамі. Пісалі звароты, хадзілі разам у пракуратуру, Следчы камітэт.

Яўгенія таксама ўдзячная людзям, якія цяпер падтрымліваюць палітвязняў ды іхныя сем’і, дасылаюць перадачы нават з Менску.

– Без дапамогі ўсіх гэтых людзей мы б не справіліся, – кажа дзяўчына ад сябе ды імя родных іншых берасцейскіх палітвязняў.

  • Бацькі Віктара Панцялеева просяць дапамагчы ў аплаце паслугаў адваката.
  • Картка: 5323 0800 2108 1360 да 09/23 IRYNA PANTSIALEYEVA (маці Віктара)
  • Рахунак: 405101017462 ААТ «Белаграпрамбанк», 220036, г. Менск, пр-т Жукава, 3.
  • УНП: 100693551 S.W.I.F.T. BAPBBY2X АКПА: 00040577
СІЗА №7 у Берасці.
Фота: МХ / Белсат

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў