Генпракуратура накіравала дэпутатам законапраект пра забарону нацыянальнага сцяга


Марш герояў
Марш герояў у Менску. 13 верасня 2020 году.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Генеральная пракуратура падрыхтавала і накіравала ў парламент законапраект «Аб змяненні законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму».

Адказ з ведамства атрымаў адзін з юрыстаў, якія жадаюць паўдзельнічаць у абмеркаванні ініцыятывы. Здымак адказу апублікаваў тэлеграм-канал «JurFuck».

«У Генеральнай пракуратуры разгледжаная ваша заява па пытанні ўдзелу грамадзян у ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Як паведамлялася вам раней, выкладзенае ў папярэднім звароце калектыўнае меркаванне аб недапушчальнасці прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай Генеральнай пракуратурай прынятае да ведама і ўлічанае ў рамках мерапрыемстваў па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму», – гаворыцца ў лісце.

Hавiны
«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку
2021.01.30 09:48

Разам з тым Генеральная пракуратура ўжо завяршыла працу над законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму»: ён накіраваны ў парламент для ўзгаднення і наступнай дапрацоўкі.

Нагадаем, 29 студзеня з’явілася інфармацыя пра тое, што Генпракуратура Беларусі збіраецца прызнаць экстрэмісцкім бел-чырвона-белы сцяг. Для такога рашэння хапіла калектыўнага звароту, пад якім падпісаліся «больш за сотню грамадзянаў». Яго аўтары просяць прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг, «які ў гады вайны стаў сімвалам зверстваў на беларускай зямлі», да экстрэмісцкай сімволікі.

Такая ініцыятыва ўладаў сустрэла адпор у беларусаў: у гэты ж дзень была створаная петыцыя супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім, якую праз некалькі дзён падпісалі больш за 100 тыс. чалавек.

Раней бел-чырвона-белы сцяг называў фашысцкім Аляксандр Лукашэнка:

– Мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. Зробім гэта прыгожа і перш за ўсё растлумачваючы, убіваючы ў галаву людзям, што гэта нельга рабіць, – паабяцаў ён у лістападзе 2020 года.

Hавiны
«Гэта важна для нас саміх, беларусаў». Гісторыкі распачалі кампанію для абароны бел-чырвона-белага сцяга
2021.02.03 11:41

Сваё слова гучна сказалі прафесійныя беларускія гісторыкі: яны выступілі з супольнай заявай у абарону сцяга.

Сярод тых, хто заступіўся за нацыянальны сцяг былі таксама дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, выбітны беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч ды іншыя.

Ганна Канапацкая на УНС таксама папрасіла не забараняць БЧБ-сцяг, але ў эфір дзяржмедыяў гэта не трапіла.

Артыкулы
Вядомая гімнастка пра забарону БЧБ-сцяга: «Давайце забаронім памідоры!»
2021.01.31 12:49

МГ belsat.eu

Стужка навінаў