Гарадзенцу далі «хімію», бо «пацярпелыя выконвалі доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі»


Васіль Пілец у судзе.
Фота: «Вясна»

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 12 лютага суддзя Дзмітрый Кедаль працягнуў разгляд крымінальнай справы Васіля Пільца, якога пракурор Алена Пронька вінаваціла ў хуліганстве (ч.1 арт. 339 КК). Нібыта Васіль штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і актывістаў руху «Антывандал», паведамляе «Вясна».

Пацярпелыя па справе Вольга Бондарава і Аляксандр Галахаў, руху актывісты «Антывандал», які не мае рэгістрацыі, але падтрымліваецца ўладай.

Поводле следства, 14 снежня Васіль Пілец аказаў гвалт у дачыненні да Галахава і Вольгі Бондаравай, якія зафарбоўвалі на ходніках выявы бчб-сцягоў, штурхнуў іх, хапаў іх за вопратку, штурхаў, сарваў маску, тым самым прычыніў пацярпелым фізічны боль.

Адвакат запытаўся ў пацярпелай Вольгі Бондаравай, ці прыцягвалася яна да адміністрацыйнай адказнасці?

«Так».

«А да крымінальнай, за кантрабанду цыгарэт у Польшу?»

«Таксама так».

Адвакат пытаецца зноў:

«У заключэнні судмедэкспертызы не зафіксавана нанясенне вам цялесных пашкоджанняў?»

Бондарава адказвае: «Не. Прычыненая боль з’яўляецца цялесным пашкоджаннем».

Адвакат таксама нагадвае, што абвінавачваны быў узяты пад варту з запаленнем лёгкіх са станоўчым тэстам на COVID.

Пракурор прасіла 2 гады абмежавання волі і адзначыла, што Пілец, выказваючы грэбаванне да грамадства, ужыў гвалт да Бондаравай і Галахава, кінуўся на іх, абражаў, ужыў гвалт і перакуліў банку з фарбай, а пацярпелыя выконвалі свой дзяржаўны доўг па зафарбоўванню незарэгістраванай сімволікі.

Суддзя выносіць прысуд: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пільца вызваліць з-пад варты, адмяніць арышт на маёмасць.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў