189-ы дзень пратэсту. Рэферэндум, льготы, снег і сцяг


Акцыя пратэсту 13 лютага ў Менску.
Фота: t.me/dzechat

Субота 13 лютага ў Беларусі стала 189-м днём няспынных штодзённых пратэстаў, удзельнікі якіх патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, спынення гвалту сілавікоў і вызвалення палітвязняў.

Адмена льготаў і рэферэндум

Жыхары Рэчыцы і Чавусаў даведаліся, што іх гарады цяпер не знаходзяцца ў забруджанай аварыяй на ЧАЭС зоне. У выніку такога рашэння Саўміну каля 75 тыс. чалавек пазбавілі чарнобыльскіх льготаў: на харчаванне ў школах і садках, на ранейшы пачатак дэкрэтнага адпачынку, бясплатнае аздараўленне для дзяцей і г.д.

Hавiны
Жыхароў Рэчыцы і Чавусаў пазбавілі чарнобыльскіх льготаў. Цяпер ім трэба больш плаціць
2021.02.13 16:12

А берасцейцы вырашылі не дазволіць ператварыцца гораду ў зону заражэння і ствараюць ініцыятыўную групу для правядзення рэферэндуму пра лёс акумулятарнага заводу. Адпаведныя дакументы ўжо пададзеныя ў Тэльмаўскі сельсавет, на тэрыторыі якога стаіць завод.

Людзі хочуць вынесці на мясцовы рэферэндум наступнае пытанне:

«Ці згодныя вы на размяшчэнне і эксплуатацыю на тэрыторыі сельскага савету заводу свінцова–кіслотных акумулятарных батарэяў ТАА «Акумулятарны альянс»?

Hавiны
Берасцейцы рыхтуюцца арганізаваць рэферэндум адносна заводу АКБ
2021.02.13 15:38

Сцягі замест справаў

Улады ж пакуль дэманструюць, што не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Дарогі Беларусі заваленыя снегам, праехаць па іх часта немагчыма.

У Магілёве, напрыклад, жыхары самі спрабуюць выштурхаць аўтобус, але ён не можа праехаць. Дарогі нячышчаныя зусім, утварыўся корак.

Камунальныя ж службы пакуль змагаюцца з бел-чырвона-белымі сцягамі. Гэтак, у Дзяржынскім раёне лукашэнкаўцы зрэзалі здаровую бярозу, на якой вісеў беларускі нацыянальны сцяг. Здарылася гэта пасля таго, як па дарозе каля Бярозы вярталіся дамоў дэлегаты «Усебеларускага народнага сходу».

Генеральная пракуратура ж вырашыла дапамагчы камунальнікам і накіравала ў парламент законапраект «Аб змяненні законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму». Верагодна, у ім могуць быць і прапановы па забароне бел-чырвона-белага сцяга.

Менавіта гэтага прасілі ў Генпракуратуры каля сотні прыхільнікаў «русского мира». Патрабаванне ж больш як 100 тыс. прыхільнікаў БЧБ « аб недапушчальнасці прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай Генеральнай пракуратурай прынятае да ведама».

Hавiны
Генпракуратура накіравала дэпутатам законапраект пра забарону нацыянальнага сцяга
2021.02.13 18:21

Рэжым не маналітны

Між тым усе больш і больш з’яўляецца доказаў таго, што ўнутры ўладнай сістэмы няма еднасці. Гэтак, за 6 дзён адкрыты ліст супраць Лукашэнкі падпісалі 1090 беларускіх чыноўнікаў, якія цяпер працуюць на дзяржаўных пасадах, – распавёў кіраўнік НАК Павал Латушка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь».

Па словах Латушкі, гэты адкрыты ліст будзе апублікаваны ў красавіку, калі яго падпішуць 5000 супрацоўнікаў дзяржапарату: «Вядома, гэта рызыка для чыноўнікаў. Шмат хто заяўляе аб жаданні падпісаць гэты ліст не ў адкрытую. Але гэта таксама адзін з інструментаў дыялогу з чыноўнікамі – яны дасылаюць свае пасведчанні, мы іх верыфікуем».

Пра тое, што як сярод чыноўнікаў, гэтак і сілавікоў ёсць прыхільнікі зменаў сведчыць і новае відэа, апублікаванае ініцыятывай BYPOL.

На відэазапіс трапіла затрыманне дыджэяў Улада Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Паводле версіі ўладаў, дыджэі пераменаў 6 жніўня паводзілі сябе нахабна і супраціўляліся сілавікам. Аднак відэа з камеры міліцыянера паказвае, што ўсё было іначай.

Беларусы ж між тым працягваюць штодня выходзіць на рознага кшталту акцыі пратэсту.

І нават снег яны замест камунальнікаў прыбіраюць пад нацыянальным сцягам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў