Расейскія вайскоўцы з'явіліся ледзь не ва ўсіх гарадах Беларусі


У Беларусі ўсё больш адчуваецца прысутнасць расейскіх вайскоўцаў. Калі яшчэ летась іх заўважалі ў Віцебску, Гомлі або ў гарадах каля буйных палігонаў, то цяпер чытачы «Белсату» кажуць, што бачаць іх ледзь не ў кожным горадзе.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Найбольш адчувальная прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на трасе М1. Усё часцей беларусы заўважаюць вайсковыя аўтамабілі з расейскімі нумарамі на аўтадарозе ў бок Берасця. Доўгія калоны з дзясяткаў грузавых КамАЗаў і «Уралаў» зрабіліся даволі частай з’явай, а 12 студзеня чытачы «Белсату» пабачылі і легкавыя аўтамабілі з літарамі «Z».

«Даволі вялікая калона расейскай вайсковай тэхнікі накіроўвалася ў бок Берасця. Цікава, што калону суправаджалі спецаўтамабілі з беларускімі нумарамі. У калоне акрамя грузавікоў было каля дзясятка «Toyota Hilux». Усе гэтыя аўтамабілі былі наагул без нумарных знакаў. Вылучаліся яны вялізнымі літарамі «Z». У гэтых машынах былі моцныя барадатыя мужчыны ў вайсковай форме. Усе бакавыя вокны аўтамабіляў былі завешаныя фіранкамі», – распавядае чытач «Белсату».

Крыніца: uniannet / Telegram

На думку нашага суразмоўцы, вайскоўцы прадстаўлялі не рэгулярную армію, а прыватную вайсковую кампанію, але чаму ў яго склалася такое ўражанне, ён не патлумачыў.

Hавiны
Брытанская выведка: зняволеных у Расеі кідаюць не толькі на фронт, але і на заводы
2023.01.13 12:45

Даволі часта вайскоўцаў у расейскай форме бачаць жыхары Бярозы, Пружанаў, Івацэвічаў, Баранавічаў, Кобрына, Берасця, Гомля, Віцебску. Людзі кажуць, што паблізу гэтых гарадоў месцяцца вайсковыя палігоны, якія практычна запоўненыя расейскімі вайскоўцамі. Салдаты жывуць у казармах, а вось афіцэрам здымаюць жытло. У выніку кошты на арэнду кватэраў у гэтых гарадах даволі істотна выраслі. Калі раней можна было зняць кватэру без праблемаў, то цяпер гэта немагчыма.

«Расейцы плацяць даволі добра. Яны тлумачаць, што нібыта прыехалі ў камандзіроўку. Відаць, што ў іх дастаткова шмат грошай, і яны без гандляванняў плацяць заяўленую суму за арэнду жытла. Часам да іх прыязджаюць родныя з Расеі», – кажа чытач «Белсату» з Берасцейшчыны.

Даволі часта заўважаюць расейскіх вайскоўцаў у беларускіх крамах. Мясцовыя жыхары кажуць, што салдаты прыязджаюць у крамы рэгулярна і набываюць выключна алкаголь. Відаць, іх добра кормяць, бо харчоў яны амаль не купляюць. Адзін з нашых чытачоў распавёў, што бачыў, як расейскія вайскоўцы аплачвалі чэк на 2 тысячы рублёў, і акрамя алкаголю, іншых тавараў у ім не было. Яшчэ адзін чытач казаў пра суму, крыху большую за тысячу, і гэта таксама быў пераважна алкаголь.

Расейскія салдаты каля беларускай крамы. 12 лістапада 2022 года, адзін з беларускіх гарадоў.
Фота: чытачы / Белсат

Час ад часу ўзнікаюць і канфлікты паміж расейскімі вайскоўцамі і мясцовымі жыхарамі. Гэтак, яшчэ адзін чытач «Белсату» кажа, што сутычка адбылася ў вайсковым гарадку Волька, які месціцца паміж Баранавічамі і Івацэвічамі. Расейцы збілі тамтэйшых вяскоўцаў.

«Яны ж ходзяць заўсёды вялікай кампаніяй. Нешта некаму не спадабалася, і ўзнікла бойка. Вяскоўцы пацярпелі. Але гэтую справу хуценька замялі, каб яе не агучвалі», – кажа наш чытач.

Паводле звестак нашых чытачоў, расейскія войскі ўжо занялі фактычна ўсе вайсковыя палігоны ва ўсіх вобласцях Беларусі. Раней прадстаўнікі ЗСУ агучвалі інфармацыю, што ў нашай краіне можа быць каля 9 тысяч салдатаў арміі РФ. Згодна з падлікамі «Белсату», гэтая колькасць ужо можа быць на 2 тысячы большая.

Агляд
У студзені Расея магла павялічыць колькасць вайскоўцаў у Беларусі на 2 тысячы
2023.01.10 17:44

Мікалай Каткоў belsat.eu

 

Стужка навінаў