Яшчэ 7 краінаў Еўропы далучыліся да пашыраных крытэраў санкцыяў супраць уладаў Беларусі


Рада Еўразвязу 15 лістапада 2021 года змяніла санкцыйны падыход у дачыненні рэжыму Лукашэнкі, «каб мець магчымасць рэагаваць на інструменталізацыю людзей, якая праводзіцца беларускім рэжымам у палітычных мэтах». Да пастановы далучыліся трэція краіны.

Сектаральныя санкцыі Еўразвязу.
Фота: ec.europa.eu

З пастановаю Рады Еўразвязу пагадзіліся, як паведамляюць на яе сайце, сем краінаў. Еўрапейскі Звяз вітаў гэтае рашэнне.

Гэта чатыры кандыдаты на далучэнне да Еўразвязу:

  • Албанія,
  • Паўночная Македонія,
  • Сербія,
  • Чарнагорыя.

І тры краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (EFTA):

  • Ісландыя,
  • Ліхтэнштэйн,
  • Нарвегія.

Пастанова не ўводзіць санкцыяў супраць канкрэтных фізічных і юрыдычных асобаў, а толькі пашырае крытэры занясення ў санкцыйны спіс. Гэта значыць, цяпер яшчэ сем краінаў маюць легальныя падставы караць за стварэнне міграцыйнага крызісу, а не толькі за падзеі ў самой Беларусі (як фальсіфікацыі выбараў ці палітычныя рэпрэсіі).

Неўзабаве па прыняцці пашыраных крытэраў, 2 снежня, Еўразвяз увёў пяты пакет санкцыяў. У санкцыйны спіс трапілі «Belavia», турфірмы «Цэнтркурорт», «Оскартур», гатэлі «Менск» і «Планета», «Беларуснафта», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно», «Белшына», начальнік асобнай службы актыўных захадаў спецназу Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Кручкоў, генерал-лейтэнант, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Анатоль Лапо, кіраўнікі памежных групаў і атрадаў, суддзі, а таксама прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, выканаўчы дырэктар у фінансавых расследаваннях Дзяржаўнага кантролю Андрэй Пракапук, дырэктар у фінансавых расследаваннях Дзяржаўнага кантролю Ігар Маршалаў, кіраўнік тэлеканалу ОНТ Марат Маркаў ды іншыя.

Згаданыя сем краінаў далучыліся да пятага пакету санкцыяў 23 снежня. Цяпер яны падтрымалі і пастанову аб прынцыпе, паводле якога такія санкцыі можна ўводзіць.

Hавiны
Беларускія ўлады чакаюць паратунку эканомікі ад БелАЭС, экспарту ў Кітай і Афрыку. Атрымаецца?
2021.12.07 02:06

Нарвегія была важным гандлёвым партнёрам Беларусі: кампанія «Yara» закупляла калійныя ўгнаенні «Беларуськалію», але 10 студзеня вырашыла, што ўсё ж спыніць закуп да 1 красавіка. Беларускі экспарт у Нарвегію (пераважна калійныя ўгнаенні) у 2020 годзе складаў 132,3 мільёна долараў, імпарт (збольшага рыбы) – 179,6 мільёна.

Сербія мае з Беларуссю бязвізавы рэжым і дамову аб свабодным гандлі, купляла ў Беларусі зброю і ладзіла супольныя вучэнні, імпартавала з Беларусі тавараў на 52,7 мільёна долараў і паслуг на 46 мільёнаў у 2020 годзе, Беларусь імпартавала адтуль тавараў на 57,9 мільёна. У Беларусі дзеюць сербскія бізнесоўцы-алігархі браты Карычы, бізнес якіх (забудоўнік «Dana Holdings») трапіў пад санкцыі не толькі Еўразвязу, але і Злучаных Штатаў улетку 2021 года.

Аб’ектыў
Сербскія алігархі Лукашэнкі хаваюць грошы
2020.12.25 22:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў