Лукашэнка загадаў узмацніць адказнасць кіраўнікоў таварыстваў уласнікаў за пратэсты ў дамах

На ліквідацыю слядоў пратэсту пайшлі «немалыя грошы», наракае Лукашэнка. А тут яшчэ і «досвед Казахстану».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жылы дом у Лебядзіным, Менск. 18 жніўня 2020 года. Фота: чытач Белсату

Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня правёў нараду з кіраўніцтвам Савету Міністраў і анансаваў указ аб павелічэнні адказнасці для старшыняў праўлення таварыстваў уласнікаў за «эксплуатацыю і захаванасць агульнай маёмасці», піша БелТА.

«Усе мы бачылі, якую шкоду нанеслі будынкам, збудаванням і грамадскай маёмасці ў выніку так званых пратэставых акцыяў. Дзякуй богу, што яшчэ не спалілі сталіцы, як гэта зрабілі з фінансаваю сталіцаю Казахстану», — казаў Лукашэнка.

Якая менавіта была шкода будынкам ад пратэстаў, ён не сказаў. Падчас пратэстаў беларусы вывешвалі на будынках нацыянальныя сцягі, а калі за гэта сталі караць штрафамі ды арыштамі, вешалі на вокны аркушы паперы нацыянальных колераў, але сталі караць і за гэта. А потым нават арыштавалі і катавалі за скрыню ад тэлевізара «няправільных» колераў.

«На ліквідацыю наступстваў і навядзенне парадку траціліся вялізныя грошы», – паскардзіўся Лукашэнка.

Спецназ зняў «майткі»

У пратэстах на фасадах Лукашэнка абвінаваціў не шараговых беларусаў, а старшыняў таварыстваў уласнікаў. Ён сказаў, што «досвед Казахстану дазваляе рабіць жорсткія высновы і так жа жорстка дзеяць у недапушчэнні падобных выпадкаў». Як жорстка збіраецца дзеяць Лукашэнка супраць старшыняў таварыстваў за дзеянні жыхароў, ён не ўдакладніў.

Тым часам супраць волі жыхароў дамоў часам усталёўваюць дзяржаўную сімволіку. Напрыклад, у Новай Баравой, што каля Менску, на шматпавярховікі не толькі павесілі чырвона-зялёныя сцягі, прыставілі да іх ахову і патрабавалі з жыхароў тую ахову аплаціць. Па той жа Новай Баравой хадзілі ўзброеныя нажамі агрэсіўныя людзі ў чырвона-зялёнай спартовай форме і ляпілі на вокны чырвона-зялёныя налепкі (за бел-чырвона-белыя налепкі могуць судзіць нават паводле арт. 341 КК РБ).

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны