Кепскія навіны для Беларусі. Надыходзіць зіма

Казахскія падзеі ды эскалацыя напружанасці стасункаў паміж Расеяй і NATO яшчэ больш аддаляюць перспектывы пераменаў.

Па-першае, казахскія падзеі перакрэсліваюць нават рыхлыя спадзяванні на тое, што Лукашэнка ў бліжэйшай будучыні пасля гэтак званай канстытуцыйнай рэформы фармальна сыдзе на іншую пасаду (напрыклад, кіраўніка УНС) і пакіне крэсла, якое займае з 1994 года. Калі спекуляцыі, што Такаеў, масава звальняючы людзей Назарбаева, сапраўды збунтаваўся (і атрымаў пры гэтым падтрымку Крамля), – праўда, Лукашэнка не будзе рызыкаваць і ўводзіць у сваё палітычнае поле новага персанажа. Нават калі такі персанаж будзе мець абмежаваныя паўнамоцтвы. Таму трэба лічыцца з тым, што гаворка пра дзве чарговыя кадэнцыі да 2035 года ў праекце новай Канстытуцыі зусім не выпадковая. Хто Лукашэнку забароніць адначасова займаць пасаду кіраўніка УНС?

Рабочыя ля будынку мэрыі, які пашкодзілі падчас масавых беспарадкаў. Алматы, Казахстан. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Па-другое. Падобна, у Казахстане некаторыя сілавікі з МУС і спецслужбаў бяздзеялі, а нават мэтанакіравана апускалі зброю і дазвалялі займаць будынкі. І што з імі цяпер? Некалькі афіцэраў скончылі жыццё самагубствам, а некаторыя сядзяць за кратамі. Уваход сілаў АДКБ (пад кіраўніцтвам расейскага генерала) у Казахстан паказаў, што бунт сілавікоў у Беларусі (калі не будзе выгадны Маскве) становіцца амаль немагчымы. Кожны беларус у пагонах задумаецца 20 разоў, паглядзеўшы на падзеі ў Алматы. Бо па ўсёй краіне цалкам выключаць інтэрнэт, абрэжуць сувязь з вонкавым светам і пачнуць паляваць на «тэрарыстаў». А ўвод войскаў пад эгідай АДКБ будзе яшчэ хутчэйшы і прасцейшы. Раней аналітыкі сказалі б, што ў Беларусі такое немагчыма, але пасля Казахстану магчыма ўсё.

Hавiны
Такаеў заявіў пра спробу дзяржаўнага перавароту. Што яшчэ казалі на онлайн-саміце кіраўнікоў краінаў АДКБ
2022.01.10 12:47

Нават дэмакратычная Арменія паказала, што не здольная манеўраваць у крытычнай сітуацыі, у Ерэване ніхто не хоча застацца сам-насам з Азербайджанам і Турцыяй. Кіраваны кланамі Кыргызстан застаецца пад вялізным уплывам Расеі – эканамічным і палітычным. Дыктатура Рахмона ў Таджыкістане таксама не захоча псаваць стасункаў з Масквою, бо самастойна не абароніць нават сваёй мяжы з Афганістанам. А там ужо падціскаюць талібы. І давайце ўявім, што праз пару гадоў Казахстан будзе старшынстваваць у АДКБ, і раптам у Беларусі выбухаюць масавыя антыўрадавыя пратэсты, паступае просьба з Менску ў «саюзнай дапамозе». Падтрымае Казахстан такую інтэрвенцыю пасля падзеяў у Алматы? Створаны небяспечны прэцэдэнт. У Алматы адчынілі скрыню Пандоры.

Hавiны
Такаеў звінаваціў Назарбаева ў з’яўленні алігархату і сказаў, што трэба дзяліцца
2022.01.11 13:34

І тут паўстае пытанне рэакцыі Захаду на такія падзеі. Як заходнія краіны рэагавалі на ўвод расейскіх (ды іншых краінаў АДКБ) войскаў у Казахстан і загад прэзідэнта Такаева «страляць без папярэджання»? Амаль ніякай канкрэтыкі, дый запозна. Толькі ЗША папярэдзілі, што расейскія войскі могуць застацца там надоўга, але ніхто нават не пагражаў санкцыямі Маскве ці ўладам у Нур-Султане, калі б гэтыя войскі там сапраўды засталіся надоўга. А Казахстан – гэта ж не Беларусь. Краіна сярод асноўных экспарцёраў нафты, газу, урану ды іншых карысных выкапняў. «Tengizchevroil», галоўны нафтавы гігант у краіне, палова (50 %) акцыяў у амерыканскай карпарацыі «Chevron», 25 % належыць амерыканскай «ExxonMobil», 20 % – казахскаму «KazMunayGas» і толькі 5 % расейскаму «LukArco». Толькі адзін з інвестыцыйных праектаў, які цяпер рэалізуе там «Chevron», варты $ 45 мільярдаў (ВУП Беларусі летась склаў $ 61 мільярд). І нават мільярдныя інвестыцыі не абаранілі Казахстану ад расейскай вайсковай прысутнасці. Наадварот, Захад стаў закладнікам гэтых мільярдаў, і таму амерыканскія, брытанскія, французскія ды палітыкі іншых краінаў, капітал якіх прысутнічае на казахскім рынку, мусілі ўзважваць кожнае слова. Каб не раззлаваць Расеі ды мясцовых уладаў. Каб хаос не пахаваў гэтых інвестыцыяў.

Расейскія вайскоўцы міратворчых сіл АДКБ збіраюцца для вылету з міжнароднага аэрапорту Алматы, Казахстан. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

У Беларусі ж інвестыцыяў Захаду няма, ніхто не ўклаў там мільярдаў. У выпадку інтэрвенцыі АДКБ якія інтарэсы Захаду будуць пад пагрозаю? Што ім там бараніць? Хто заступіцца за беларусаў, калі ў вызначальны момант для іхнай краіны прыйдуць чужыя войскі? Такім чынам, пасля казахскіх падзеяў беларусы сталіся ўжо не толькі закладнікамі ўнутранай палітычнай кан’юнктуры, але і сітуацыі ў іншых аўтарытарных «саюзнікаў». Найперш Расеі. А там мапу Еўропы падзялілі ўжо на «сферы ўплыву». Прабавалі нават NATO выпіхнуць з Польшчы і краінаў Балтыі да межаў з 1997 года. Не ўдалося. Размовы Расеі з ЗША і NATO скончыліся паразаю Масквы ды іміджавым правалам. І вельмі імаверна, што ў адказ на гэта вайсковая расейская прысутнасць у Беларусі будзе павялічвацца, будзе больш сурʼёзная і небяспечная, як дасюль. Краіна ўжо стала галоўным расейскім фарпостам на заходнім фронце ў халоднай вайне з Захадам. І Масква пойдзе на чарговыя крокі, толькі каб прымусіць нервавацца Украіну, Польшчу, краіны Балтыі ды іншых «ворагаў Расеі». На шляху беларусаў да свабоды і дэмакратыі ўжо даўно стаіць не толькі Лукашэнка.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў