Беларусь заявіла пра вывядзенне «міратворцаў» з Казахстану


На камеру беларускія вайскоўцы толькі стралялі ў паветра. Што рабілі не на камеру, дакладна невядома. Але яны мусяць з’ехаць цягам 10 дзён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Міратворцы» ў Казахстане.
Фота: Прэс-служба Міністэрства абароны РФ

Міністэрства абароны Беларусі 13 студзеня заявіла, што «міратворцы» АДКБ завяршаюць сваю місію Казахстане, а беларускі кантынгент мусіць пачаць выхад з краіны ўжо сёння, выйсці цягам 10 дзён.

З Беларусі ў Казахстан паляцела міратворчая рота са складу 103-й паветрана-дэсантнай брыгады ССА. Паводле афіцыйных паведамленняў, беларускія вайскоўцы ахоўваюць вайсковыя, дзяржаўныя і сацыяльна значныя аб’екты ў Алматы і прылеглых раёнах, у тым ліку вайсковы аэрадром Жэтыген.

На кадрах дзяржаўных медыяў яны дэманстратыўна бегалі па палігоне, пастановачна «правяралі дакументы» ў казахскіх паліцыянтаў. Адзін з «міратворцаў» наракаў, што вайскоўцам цяжка чытаць дакументы на «казахстанскай» мове. «Міратворцы» АДКБ у Казахстане незаконна выкарыстоўвалі апазнавальныя знакі міратворчай місіі ААН.

Hавiны
«Belarus Security Blog»: Войскі АДКБ у Казахстан увялі з парушэннем міжнародных пагадненняў
2022.01.11 14:10

Кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў папрасіў кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ паспрыяць пераадоленню «тэрарыстычнай пагрозы» 6 студзеня на фоне масавых пратэстаў. Рада АДКБ пастанавіла накіраваць у Казахстан міратворчыя сілы, у склад якіх увайшлі вайскоўцы Расеі, Беларусі, Арменіі, Таджыкістану і Кыргызстану.

Улады Казахстану настойвалі на тым, што місія АДКБ толькі часовая, але расейскія чыноўнікі і дзяржаўныя медыі не раз казалі, што місія мусіла б стаць бестэрміновая, «да ўрэгулявання сітуацыі».

АА belsat.eu

Стужка навінаў