Для новага Папы пашылі сутаны трох памераў


Хоць выбары новага пантыфіка пачнуцца толькі 12 сакавіка, вопратку для яго італьянскае атэлье «Гамарэллі» (Gammarelli) мусіць пашыць загадзя. Новыя сутаны розных памераў трэба даставіць у памяшканне перад пачаткам канклаву: пазней уваход будзе забаронены.

З тае прычыны, што імя новага Папы невядомае, сутаны пашылі трох памераў: малога, сярэдняга і вялікага. Адну з іх Папа надзене адразу пасля абрання.

Каму Ватыкан замаўляе вопратку?

«Усе тры сутаны зробленыя са стоадсоткавае воўны, а рукавы – з шоўку, – распавёў уладальнік атэлье Лёрэнца Гамарэллі (Lorenzo Gamarelli). – Чырвоная накідка з капюшонам, на плечы, – маццэта (італ. mozzetta) – пашытая з аксаміту». Між іншым, учора абаронцы правоў жывёлаў якраз на ганку атэлье «Гамарэллі» у цэнтры Рыму пратэставалі супраць таго, што папскія краўцы выкарыстоўваюць натуральнае футра.

Адна сутана забірае тры з паловаю дні ручной работы. Пра кошт сп. Гамарэллі гаварыць адмовіўся. У інтэрнэт-блогах пішуць, што самая простая сутана каштуе ад $450-900, літургічнае адзенне – некалькі тысячаў.

Вопратку для пантыфікаў, кардыналаў, біскупаў і святароў атэлье «Гамарэллі» шые з 1798 г. З яго паслугаў не скарыстаў толькі Піюс XII: ён аддаў перавагу краўцу, які абслугоўваў ягоных сваякоў.

З папскіх рэгаліяў самая вядомая – залаты пярсцёнак рыбака з выяваю св. Пятра ў чоўне, які закідае нерат, ды імем кіраўнічага Папы вакол выявы. Папскай тыяры (патройнай кароны з крыжам) пантыфікі не носяць з 1963 г.

Штодзённая папская вопратка складаецца з белай сутаны з капюшонам – дзымары (італ. zimarra), нагруднага крыжа, чырвоных пантофляў і белай шапачкі, якая называецца пілеолюс (лац. pileolus) або цукета (італ. zucchetto).

Гісторыя чырвоных пантофляў

Традыцыйныя чырвоныя пантофлі для Папы з 2002 г. шые майстар у чацвёртым пакаленні Адрыяна Стэфанэллі (Andriano Stefanelli) з гораду Навара (Novara), што побач з Міланам. 11 гадоў таму ён даслаў зробленыя рукамі пантофлі Яну Паўлу ІІ; яны былі настолькі зручныя, што пантыфік зрабіўся сталым кліентам Стэфанэллі.

Бэнэдыкт XVI не стаў шукаць іншага шаўца. Майстар асабіста прывёз яму пару 42 памеру падчас публічнай аўдыенцыі ў верасні 2005-га. Адно толькі давялося змяніць колер: пантофлі мусілі быць яркія, рубінавыя (Ян Павал ІІ насіў цёмна-чырвоныя). Ватыкану нават давялося выступіць са зняпраўжаннем: хтосьці пусціў плётку, што Бэнэдыкт XVI замаўляе абутак ад «Прада» (Prada). Дарэчы, у краме Адрыяна Стэфанэллі кошты на ручную прадукцыю пачынаюцца з 400 еўраў. Майстар кажа, што ён атрымлівае асалоду ад сваёй працы і прыбытак яго не цікавіць, таму пантофлі пантыфіку ён дорыць.

У Сікстынскай капэле ўжо ўсталявалі печкі

Тым часам у Сікстынскай капэле ўсталявалі печкі для спальвання выбарчых картак з прыладжаным да іх дымнікам. Пра абранне новага Папы традыцыйна будзе сведчыць белы дым з коміна над Сікстынскай капэлай.

Канклаў пачнецца ў аўторак. Раніцаю кардыналы збяруцца ў базіліцы св. Пятра на імшу «Pro eligendo Pontifice», а пасля абеду накіруюцца ў Сікстынскую капэлу. Пасля таго, як яны зоймуць свае месцы, кожны прымае прысягу выконваць правілы Апостальскай канстытуцыі «Universi Dominici Gregis», апублікаванай 22 лютага 1996 г., у тым ліку – трымаць у таямніцы ўсё, што звязана з выбарамі.

Як праходзіць канклаў?

Пасля казанняў дзверы Сікстынскай капэлы зачыняць і пачнуцца выбары. Пусціць туды могуць толькі кардынала, які спазніўся або мусіў часова пакінуць канклаў па стане здароўя. Тыя, хто выйшаў з іншай прычыны, вярнуцца ўжо не змогуць.

У першы дзень канклаву можа адбыцца адно галасаванне. Калі гэтак не сталася, у кожны наступны дзень мусяць правесці па чатыры туры галасавання: два ранкам і два ўвечары. Калі цягам трох дзён нікога не абяруць, працэс прыпыняецца на дзень. Пасля сямі няўдалых тураў зноў абвяшчаецца перапынак. Калі імя пантыфіка не вызначаць і па сямі наступных турах, кардыналы могуць або скараціць колькасць кандыдатураў да дзвюх, якія набралі найбольш галасоў, або абраць Папу абсалютнаю большасцю галасоў.

У камісію шляхам лёсавання абіраюць дзевяць кардыналаў. Пасля 1945 г. бюлетэні не падпісваюцца. Калі колькасць бюлетэняў не супадае з колькасцю тых, хто галасаваў, то дакументы спальваюць.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

З выкарыстаннем матэрыялаўbe.radiovaticana.va, deutschewelleenglish, sydneycatholic.org

Стужка навінаў