“Чарнобыльская малітва” на варшаўскай сцэне.


Адна з найлепшых рэжысёрак Польшчы Ёанна Шчэпкоўска паставіла спектакль паводле знакамітага твору Святланы Алексіевіч пра катастрофу на ЧАЭС 1986 года. Аповесць беларускай пісьменніцы складаецца з маналогаў простых грамадзянаў, якія сталі ахвярамі трагедыі. А якім чынам польскім творцам удалося адаптаваць “трагічны рэпартаж” для тэатральнай сцэны?

{movie}Галасы ў цемры (08.03.2013) |right|9591{/movie}

Пра людзей і ўладу, пра гісторыю хваробы ды смерці, пра мужнасць і сэнс жыцця – “Чарнобыльская малітва” гучыць са сцэны галасамі сведак трагедыі, гэтым разам на польскай мове.

Героі адаптацыі Ёанны Шчэпкоўскай сядзяць пры стале. Шэрыя голыя сцены вакол іх нагадваюць пра тэхнагенную катастрофу, саспелыя яблыкі – пра родныя прыроду і зямлю. Гэта людзі, якія вырашылі жыць у непасрэднай блізкасці ад Чарнобылю, нягледзячы на пустату і небяспеку, але сярод сваіх.

КШЫШТАФ СТРУЖЫЦКІ, АКТОР:

“Гэты спектакль незвычайна кранальны. Ёсць моманты, калі акторы на сцэне прамаўляюць свае маналогі пра жыццёвыя выпрабаванні, і ў мяне, актора на сцэне, нагортваюцца слёзы. Вельмі цяжка некаторыя рэчы вытрымаць. Думаю, для публікі гэта будуць складаныя паўтары гадзіны”.

Нялёгкім стаўся і акторскі досвед. Ужо непасрэдна перад паказам трупа маральна саспела і была гатовая вынесці “гісторыю” да публікі. Але да пачатку рэпетыцыяў акторы рыхтаваліся доўга: прагляд архіўных запісаў, знаёмства з падрабязнасцямі здарэнняў і асэнсаванне савецкай ментальнасці.

НАТАЛЬЯ РЫБІЦКА, АКТОРКА:

“Я аднагодка Чарнобылю, і гэта так далёка ад мяне: уся сістэма, у якой яны жылі, тэлефанаванні ад уладаў зверху. І перад тым, як граць свайго персанажа, я мусіла даведацца пра спецыфіку. І добра, што маю дасведчаных калегаў, якія нас накіроўвалі на спосаб разумення таго часу”.

На пачатку працы над спектаклем творцы думалі пазбягаць самых драматычных фрагментаў аповесці. Але хутка пераканалася, што нельга такім чынам змяняць жудаснага аповеду пра тых, хто перажыў катастрофу. Тым не менш, рэжысёрка паставіла ўмову: зрабіць гэтак, каб людзі не выходзілі пасля паказу ў дэпрэсіі. Наадварот, каб разумелі, што ёсць надзея, што чалавек інстынктыўна імкнецца да жыцця і можа даць рады нават апакаліпсісу.

ЁАННА ШЧЭПКОЎСКА, РЭЖЫСЁРКА:

“Я чакаю, што публіка знойдзе ў сабе сілы падумаць пра гэта. Бо мне падаецца часам, што мы ператвараемся ў дзяцей: увесь час нешта набываем, забаўляемся, і жыццё становіцца павярхоўным. Тым часам вакол нас адбываюцца сур’ёзныя рэчы. Варта зрабіць гэты крок перадусім дзеля ахвяраў той катастрофы. Гэтая тэма мусіць быць часткаю нашай свядомасці. Ахвяры Чарнобылю існуюць тут і цяпер, ім патрэбныя дапамога і падтрыманне”.

Мо таму рэжысёрка сабе абрала ролю лекаркі, якая жыве ў забруджанай зоне разам з людзьмі. Ёанна Шчэпкоўска, як і ейная гераіня, хоча, каб людзі задумалі над лёсам пацярпелых.

“Чарнобыльскую малітву” ў варшаўскім тэатры пакажуць у сакавіку шэсць разоў. Твор, які заваяваў сусветную вядомасць і быў перакладзены на 20 моваў, ставілі на французскіх, фінскіх ды ірландскіх сцэнах. Тым не менш, на радзіме талент Святланы Алексіевіч не быў прызнаны належным чынам. Пазбаўленая магчымасці выдавацца ў Беларусі, яна больш за 13 гадоў жыве ў эміграцыі.

Вольга Саўле, belsat.eu

Стужка навінаў