Пенсіянерам прапаноўваюць пакінуць кватэру дзяржаве ў абмен на пакой у інтэрнаце


Аднак умовы ў інтэрнатах паляпшаць не збіраюцца.

На ініцыятыву Міністэрства працы і сацыяльнай абароны чакаюцца новаўвядзенні ў сацыяльным забеспячэнні сталых адзінокіх людзей.

У гарвыканкамах самотным пенсіянерам прапаноўваюць пакінуць сваю кватэру дзяржаве і пераехаць у сацыяльны інтэрнат. Распрацаваная схема, паводле якой гэта будзе дзеяць. Дзяржава гарантуе фінансавае забеспячэнне чалавеку да канца жыцця. У абмен на гэта спачатку ягоную кватэру дзяржаўныя органы будуць здаваць у арэнду, а пасля смерці гаспадара нерухомасць пяройдзе ва ўласнасць дзяржавы.

Пры гэтым жыць пенсіянеры будуць у тых самых умовах, што і цяперашнія адзінокія людзі ў сацыяльных інтэрнатах. “Мы мяркуем, што для адзінокіх людзей цяпер аказваецца прафесійная і якасная дапамога ўва ўсіх установах, у тым ліку і ў сацыяльных інтэрнатах. На будучую пяцігодку не запланавана буйных рэканструкцыяў інтэрнатаў і кардынальнай змены сістэмы дапамогі састарэлым людзям”, – адзначылі ў прэсавай службе Менгарвыканкаму.

Старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў “Наша пакаленне” Таццяна Зялко называе захады чыноўнікаў карыслівымі і негуманнымі. “Раней адзінокія пенсіянеры маглі па сваім жаданні пераехаць у сацыяльны інтэрнат. Пры гэтым паводле Закону “Аб пенсійным забеспячэнні”, штомесяц яны атрымлівалі 10 % прызначанай пенсіі. Аднак кватэры пры гэтым яны не страчвалі”, – адзначыла суразмоўца.

Паводле Грамадзянскага Кодэксу, рэнтавую дамову можна заключыць толькі паміж пенсіянерам і фізічнымі асобамі. Цяпер апошніх вырашыла замяніць дзяржава.

Свае прапановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Камітэт працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму перадалі на разгляд ва ўрад. І разлічваюць, што папраўкі ў заканадаўстве запрацуюць ужо сёлета.

belsat.eu

Стужка навінаў