У Венесуэлу панаехала гасцей, а пахаванне Чавэса адклалі на тыдзень


Аляксандр Лукашэнка ўжо таксама прызямліўся ў аэрапорце Каракасу, каб узяць удзел у жалобных мерапрыемствах з нагоды смерці прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса.

Спачатку Лукашэнка хацеў адправіць у Венесуэлу кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана і першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашку, першы з якіх – сустаршыня беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню, другі –сустаршыня беларуска-венесуэльскай супольнай камісіі гандлёва-эканамічнай супрацы.

Як паведаміў міністр замежных спраў Венесуэлы Эліяс Яўа (Elias Jaua), на пахаванні Уга Чавэса будуць прысутнічаць кіраўнікі 22 дзяржаваў, а агульная колькасць замежных дэлегацыяў складзе 54. Паводле яго, у 16 дзяржавах абвешчаная жалоба.

Аднак у выніку не вытрываў і паляцеў сам. «Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне адправіцца ў Каракас, нягледзячы на шэраг візітаў, якія чакаюцца ў найбліжэйшы час, і загружанасць свайго працоўнага графіку, – зазначае прэс-служба прэзідэнта Беларусі. – Гэта звязанае з тым, што Уга Чавэс не меў больш блізкіх і сяброўскіх стасункаў ні з адным з кіраўнікоў замежных дзяржаў, як з прэзідэнтам Беларусі».

Сёння ў Венесуэлу прыляцелі: іспанскі прынц Фэліпэ дэ Барбон (Felipe of Borbon), прэзідэнты Аргентыны Крыстына Фэрнандэс (Cristina Fernandez), Балівіі Эва Маралес (Evo Morales), Бразіліі Дыўма Русэф (Dilma Rousseff), Ірану Махмуд Ахмадынэжад (Mahmoud Ahmadinejad), Кубы Рауль Кастра (Raul Castro), Мексікі Энрыке Пэння Ньета (Enrique Pena Nieto), Перу Аллянта Умаля (Ollanta Humala), Уругваю Хасэ Мухіка (Мухіка Jose Mujica) і чалец Савету федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка.

Тым часам пахаванне, запланаванае на 8 сакавіка, адклалі амаль на тыдзень, бо не ўсе, хто хацеў, змаглі развітацца з камандантэ, паведамляюць мясцовыя медыі. Учора выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы віцэ-прэзідэнт Нікаляс Мадура заявіў, што ўлады Венесуэлы прынялі рашэнне забальзамаваць цела Уга Чавэса, «як цела Хо Шы Міна (Hồ Chí Minh), як цела Леніна, як цела Маў Цзэ Дуна, каб яго можна было бачыць вечна ў шкляной труне».



Між іншым, такое адказнае заданне лагічна было б даверыць расейскім адмыслоўцам, паведамляе ІТАР-ТАСС.
«Айчынныя тэхналогіі бальзамавання цалкам перадавыя. Гэткая практыка існуе шмат гадоў і дэталёва адпрацаваная», – цытуе – агенцтва неназваных адмыслоўцаў, якія яшчэ ў савецкія часы займаліся падтрыманнем цела Леніна.

Пасля бальзамавання цела Чавэса змесцяць у будынку былых вайсковых казармаў, адкуль ён кіраваў спробаю дзяржаўнага перавароту ў лютым 1992 года і дзе пачалася ягоная палітычная кар’ера. Гэтыя казармы цяпер – ваенна-гістарычны музей. На ініцыятыву Чавэса тут мусілі адкрыць Музей рэвалюцыі.

Уга Чавэс памёр 5 сакавіка. У сувязі з гэтым у Беларусі аб’явілі трохдзённую жалобу.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў