Ева Вежнавец: Жанчыны выбралі сабе вузкі калідор існавання


Пра «жаночае шчасце» разважае ў «Гарачым каментары» журналістка і літаратарка Ева Вежнавец.

На ўсіх беларусаў уплываюць 2 пазагендарныя фактары – усеагульная беднасць і адсутнасць развіцця і перспектываў, адзначыла госця «Белсату».

{movie}”Гарачы каментар”: Ева Вежнавец пра жаночае шчасце|right|9565{/movie}

Паводле пісьменніцы, у беларускім грамадстве склаўся стэрэатып, што жанчына толькі тады шчаслівая, калі побач з ёю ёсць мужчына: «Нельга ставіць на першае месца ў сваім жыцці наяўнасць іншага чалавека. На першае месца трэба ставіць заўсёды сябе, свае інтарэсы і развіццё. Калі ты будзеш шчаслівы, калі будзеш любіць сябе, а не іншых, то тады знойдзеш нармальнага спадарожніка жыцця, а не першае, што цябе спаткала на дарозе».

Літаратарка адзначыла, што ў Беларусі дзяўчат вучаць уступлівасці, мяккасці, пяшчотнасці і каханню. Гэта ідзе на няшчасце жанчын і мужчынаў, паводле спадарыні Вежнавец, бо гэткім чынам навучаных людзей не шануюць: «Паважаюць людзей, якія найперш паважаюць сябе самыя».

Жанчыны не змагаюцца за свае правы, бо іх так прывучылі, настойвае журналістка, і ў гэтым вінаватыя не толькі жанчыны, але і ўсё патрыярхальнае грамадства. У выніку спаўненнем жанчыны лічыцца толькі замуства. Мужчына ж не зробіць кабету шчасліваю, калі яна нешчаслівая ад пачатку.

750 разжэнстваў на 1 тыс. шлюбаў у Беларусі – ад незадаволенасці жыццём і незрэалізаванасці, адзначыла спадарыня Вежнавец. Жаночае шчасце беларусы звязваюць у першую чаргу з захаваннем сямейнага агменя. Калі б іх запыталі пра людское шчасце – пытанні былі б зусім іншыя, упэўненая яна: «Завялася такая традыцыя, што чалавек – гэта найперш мужчына. Гэта ён прэзентуе ўвесь універсум чалавечнасці і чалавечыя рэакцыі. Жанчына – гэта дом, дзеці і быць каханаю».

Аднак з часам, калі падрастаюць дзеці, памірае муж, з чым застаецца жанчына? У Беларусі ж прысутны таксама эйджызм – дыскрымінацыя жанчын паводле ўзроставай прыкметы. «Ужо ты старая качарга, пенсія ў цябе малая, бо ад 20 % да 40 % беларусак меней зарабляюць, чымся мужчыны, а жабрацтва і беднасць маюць жаночае аблічча», – зазначыла спадарыня Вежнавец. 25 % сусветнага багацця, паводле госці каналу, ідзе на ўзмацненне мужчынскай патрыярхальнай сістэмы: войны, ідэалогіі, утрыманне войска і апарату.

«Няхай нашая жаночая роля будзе вузкая: выхаванне, медыцына, сацыялка. Ці яна цвіце і пахне ў нашай краіне? Яна не цвіце і не пахне, бо нікому не цікавая, а жанчыны выбралі сабе вузкі калідор існавання, дзе немагчыма рэалізавацца», – мяркуе літаратарка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў