«Опачки-апочки, ж..а съела тапочки»


Творчая інтэрпрэтацыя народнай прыпеўкі пра папулярны хатні абутак ад мастака Руслана Вашкевіча здалася нецэнзурнаю адміністрацыі галерэі Універсітэту культуры. Ягоны экспанат у рамках выставы «Тапаграфія» дэманструецца асобна ад астатніх работаў вядомых беларускіх дызайнераў і мастакоў.

З 7 сакавіка “арт-тапачкі” выстаўленыя для наведнікаў у зале галерэі Універсітэту культуры. На месцы, дзе мусіў быць твор Вашкевіча, – пусты шкляны акварыум з подпісам “Тапки-неведимки”.

“Дырэктара цяпер няма. У нас стаіць экспанат Вашкевіча. Проста працяг твора – у галерэі “Ў”. Гэта мастацкая інтрыга аўтара”, – адказалі ў адміністрацыі галерэі Універсітэту культуры.

Руслан Вашкевіч, вядомы менскі мастак, займаецца жывапісам, графікай і канцэптуальным мастацтвам. Цвердзіць, што гэта ніякі не творчы прыём, а звычайная цэнзарская пільнасць: “Іх самацэнзура – проста дзіцячы садок! – кажа Руслан Вашкевіч. – Безумоўна, праект праз гэта згубіў. Але мы добра абыгралі адсутнасць арт-аб’екту. У апошні момант маю працу пастанавілі не выстаўляць. Гледачу проста неабходна пабываць у 2 галерэях”. Дыван з прыпеўкаю Вашкевіча выставілі ў пакоі паміж службовым памяшканнем і адміністрацыяй галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

“Стварыць цёплую атмасферу дамашняй утульнасці мінімальнымі сродкамі пры адсутнасці самых тапачак я вырашыў з дапамогаю распіснога вясковага дывана, маляванкі, – пракаментаваў сваю працу аўтар. – Яркі, стракаты і каляровы дыванок у маім варыянце ўяўляе з сябе дэкаратыўную аранжыроўку тэксту жартаўлівай прыпеўкі пра тапачкі. На жаль, вясёлы каламбур паказаўся адміністрацыі галерэі Універсітэту культуры нефарматам, выраз – ненарматыўным”.

Выставу “Тапаграфія” супольна зладзілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і аўтацэнтр “Атлант-М на Машынабудаўнікоў”. Паводле ідэі праекту, беларускія дызайнеры і мастакі творча даследавалі адзін з самых важных атрыбутаў дамашняй утульнасці – тапачкі. Экспазіцыю можна пабачыць у галерэі Універсітэту культуры з 7 да 23 сакавіка.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў