Ланская вызначылася з песняю на «Еўрабачaнне»


Прадстаўніца Беларусі выступіць на конкурсе, што пройдзе 14–18 траўня ў шведскім горадзе Мальма з кампазіцыяй «Solayoh»

{movie}”Solayoh” Алены Ланской|right|9555{/movie}

Паводле прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, песню абралі з 4-х прадстаўленых кампазіцыяў («Solayoh», «Im alive», «Kiss me» і «Rhythm of love») на паседжанні экспертнай рады, у склад якой увайшлі прадстаўнікі прадзюсарскага цэнтру «Спамаш» і Белтэлерадыёкампаніі.

Кампазіцыю напісалі еўрапейскія аўтарыі Марк Пэлінк і Марцін Кінг. Запіс адбываўся ў брытанскай студыі «Abbey road».

«У аснове ідэі песні – існаванне жыцця на абстрактнай планеце, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі. Яны вераць у цуды і ў тое, што ўсё, што адбываецца – ёсць цуд. Там няма шэрых будняў і самотных людзей. Галоўныя складнікі поспеху жыцця на планеце Solayoh – Вера, Надзея, Любоў, а місія планеты – дарыць энергію Любові і Натхнення», – тлумачыць сутнасць кампазіцыі Белтэлерадыёкампанія.

На нацыянальным адборачным конкурсе на «Еўрабачанне» Ланская перамагла з іншай кампазіцыяй – «Rhythm of love». Паводле правілаў правядзення конкурсу, выканаўца можа змяніць сваю песню да сустрэчы кіраўнікоў дэлегацыяў краінаў-удзельніц конкурсу. У гэтым годзе сустрэча адбудзецца 16–18 сакавіка ў Мальме.

На «Еўрабачанні» Ланская выступіць у першым паўфінале 14 траўня. Разам з беларускаю ў першым паўфінале выступаюць прадстаўнікі Даніі, Малдовы, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расеі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпру, Чарнагорыі ды Бельгіі.

Пад якім нумарам будзе выступаць Алена Ланская, стане вядома 18 сакавіка, калі прадзюсары шоу вызначаць чарговасць выступленняў канкурсантаў у кожным паўфінале.

У гэтым годзе арганізатары песеннага конкурсу адмовіліся ад традыцыйнага лёсавання, яны размяркуюць удзельнікаў у такім парадку, які палічаць патрэбным, каб выключыць, да прыкладу, выступ 2 запар лірычных выканаўцаў.

Наўпроставае трансляванне 2 паўфіналаў і фіналу традыцыйна будзе весці тэлеканал «Беларусь 1».

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў