Апошнія словы Чавэса: Я не хачу паміраць. Калі ласка, не дайце мне памерці


У Каракасе развітваюцца з Уґа Чавэсам, а кіраўнік аховы прэзідэнта распавёў непасрэдную прычыну смерці і ягоныя апошнія словы.

{movie}Развітальная працэсія з Чавэсам|right|9554{/movie}

Хасэ Арнэлля паведаміў, што ў апошнія хвіліны жыцця Чавэса ён быў з ім побач. Паводле ахоўніка, прэзідэнт памёр ад шырокага інфаркту. Прадчуваючы блізкі канец, ён здолеў прашаптаць: “Я не хачу паміраць. Калі ласка, не дайце мне памерці”.

Тым часам дзясяткі тысяч венесуэльцаў праводзілі труну з Чавэсам вуліцамі Каракасу да Вайсковай акадэміі, дзе цела будзе да пятніцы, калі адбудзецца пахаванне. Па дарозе шмат хто крычаў “Чавэса – у Пантэон”, маючы на ўвазе маўзалей, збудаваны для венесуэльскага рэвалюцыянера Сімона Балівара.

Цягам месяца ў Венесуэле адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Перад смерцю Чавэс заклікаў народ падтрымаць віцэ-прэзідэнта Нікаляса Мадуру. Ягоным супернікам хутчэй за ўсё стане Энрыке Капрылес, які прайграў Чавэсу на мінулых выбарах.

У краіне абвесцілі 7-дзённую жалобу. Апроч самой Венесуэлы, колькі дзён жалобы абвесцілі ў Эквадоры, Аргенціне, Бразіліі, Балівіі, Уругваі, Чылі, Дамініканскай рэспубліцы і ў Беларусі. Аднадзённую жалобу абвесцілі і ў Іране, прэзідэнт Махмуд Ахмадынежад назваў Чавэса пакутнікам.

У Беларусі цягам 3 дзён прыпусцяць дзяржаўныя сцягі, а тэлебачанне і радыё ўстрымаюцца ад забаўляльных праграмаў. Нагадаем, што пасля тэракту ў менскім метро была абвешчана аднадзённая жалоба і толькі на тэрыторыі Менску.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў