Нечаканы паварот. Заведзена крымінальная справа на лідскіх міліцыянтаў


Шанец на справядлівасць атрымала гучная справа братоў Івана і Багдана Шкуркоў з Ліды. Раённы аддзел Следчага камітэту пад ціскам грамадскасці ўрэшце завёў крымінальную справу па факце збіцця і катаванняў маладзёнаў працаўнікамі міліцыі.

Яшчэ некалькі дзён таму ў такое цяжка было паверыць. Лідскі інцыдэнт з братамі Шкуркамі набраў нечаканыя абароты. Міліцыянты, якіх маладзёны абвінавацілі ў катаванні ды здзеках, сапраўды могуць хутка апынуцца на лаве падсудных.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА:

“Мне вельмі прыемна, што сярод працаўнікоў Следчага камітэту засталіся людзі, якіх не сорамна называць афіцэрамі, якія не пабаяліся”.

Якраз звесткі, даведзеныя да грамадскасці Бандарэнкам, спрычыніліся да таго, што супраць пяцёх працаўнікоў патрульна-паставой службы завялі крымінальную справу паводле артыкулу “перавышэнне службовых паўнамоцтваў”. Як паведамілі ў Лідскім раённым аддзеле Следчага камітэту Беларусі, з пацярпелымі ды іхнымі бацькамі будуць працаваць следчыя. Са словаў сям’і Шкуркоў…

ЛАРЫСА ШКУРКО, МАЦІ БРАТОЎ ШКУРКОЎ:

“Калі ў нас з’явяцца новыя факты і падрабязнасці, нам сказалі, пра гэта паведамляць. Я сказала, што гэта не адзіны такі факт. Яны сістэматычна паўтараюцца. Нам сказалі: калі ласка, можаце смела даваць гэтую інфармацыю следчаму”.

Пакуль следчыя дэталёва вывучаюць інфармацыю пра братоў Шкуркоў. Паводле сведчанняў Івана і Багдана, летась у лістападзе іх жорстка збілі на дыскатэцы спачатку ахоўнікі, а пасля міліцыянты. Затым Івана працягвалі катаваць у аўтазаку, ужываючы пярцовы газ. І ўрэшце вывезлі ў лес і непрыстойна зневажалі. Агучаныя праваабаронцамі ды пацверджаныя знятымі пабоямі звесткі выклікалі лавіну абурэнняў. І чарговы раз паставілі пытанне: колькі падобных садыстаў служыць у праваахоўных органах?

АЛЕГ ВОЛЧАК, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

“Усе будучыя працаўнікі міліцыі праходзяць медкамісію, псіхіятраў, псіхолагаў, розныя тэсты. Але ўлічваючы, што ў нас недахоп працаўнікоў міліцыі, таму недзе могуць зачыняць вочы і прапускаць”.

Афіцыйнай статыстыкі выпадкаў катаванняў у міліцыі, вядома, няма. Праваабаронцы ж і незалежныя эксперты лічаць такія факты на сотні. Пра некаторыя з іх грамадскасць мае шанец пачуць выключна ў выпадку, калі ахвяры не баяцца супрацьстаяць сваволі людзей у пагонах. Вось гэтак летась падчас першамайскіх святаў міліцыя жорстка збіла да непрытомнасці няпоўнагадовага хлопца ў Калінкавічах. Дзякуючы смеласці пацярпелага і працы незалежных медыяў справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс.

АЛЕГ ГАЙДУКЕВІЧ, ПАДПАЛКОЎНІК МУС У АДСТАЎЦЫ:

“Няма такіх правілаў, каб можна было некага з затрыманых біць. Ніколі нельга ўжываць гвалт у дачыненні затрыманага. Гэта забаронена законам. Можа, трыццаць-сорак гадоў таму нешта такое было. У Беларусі з пачатку 90-х з гэтым ідзе лютая барацьба. Усе, хто гэтым займаўся, або селі, або іх выгналі”.

І ўсё ж чарговыя – як у тым ліку выпадак з жорстка збітым вартаўніком менскай стаянкі – факты кажуць пакуль пра іншае. Таму перад Іванам і Багданам Шкуркамі стаіць нялёгкая задача. Хоць крымінальную справу распачалІ, гэта яшчэ не азначае, што вінаватых пакараюць.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў