Дзяржкантроль праверыў «праект Лукашэнкі»


Шклоўскаму заводу газетнай паперы далі паўгода на развязанне фінансавых праблемаў.
 
Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК) Аляксандр Якабсон з праверкаю наведаў шклоўскі РУП “Завод газетнай паперы”. Пабудаванае пяць гадоў таму прадпрыемства мае шэраг праблемаў. “Дагэтуль не забяспечаныя ўстойлівая праца і выхад на праектную моц папяровай вытворчасці. Завадскі філіял “Домостроение” мае высокую дэбіторскую запазычанасць за рэалізаваную прадукцыю на ўнутраным рынку”, – адзначаюць у прэс-службе КДК. На развязанне праблемаў старшыня КДК даў прадпрыемству паўгода.

Шклоўскі завод называюць “праектам Лукашэнкі”: прадпрыемства ўвесь час атрымлівае ад дзяржавы дадатковую фінансавую дапамогу “ў мэтах стабілізацыі фінансава-эканамічнага стану”. Гэта выражаецца ў выдзяленні займаў і дараванні тэрмінаў вяртання крэдытаў. Бізнес-аналітык Вадзім Селіханаў адзначае: “Меркавалася, што ўкладзеныя сродкі завод будзе аддаваць 1 студзеня 2010 года, як толькі завод пачне прыносіць прыбытак і адбіваць укладзеныя ў яго сродкі. Аднак ускладзеныя надзеі не апраўдаліся, і даціраванне прадпрыемства працягвалася”. Летась вясною стала вядома, што рэдакцыі дзяржаўных медыяў абавязалі заключаць дамовы з РУП “Завод газетнай паперы”. Якасць паперы не задавальняла кіраўніцтва газетаў, але загад ішоў ад Міністэрства інфармацыі.

“Прадпрыемства атрымлівае не першае папярэджанне і не першы раз мы чуем, што на вырашэнне праблемаў ёсць пэўны тэрмін. Але ўва ўсіх папярэдніх выпадках у дзень “Х” умешваліся “вярхі”, бо гэтае прадпрыемства лічыцца “праектам Лукашэнкі”, і заводу давалі новыя крэдыты, новыя тэрміны для выпраўлення”, – паведаміў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў