Шкодныя ўмовы на «Граніце» зменшыліся… на паперы


Пасля скарачэння ільготаў рабочыя «Граніту» вяртаюцца ў незалежны прафсаюз.

Аб гэтым «Белсату» распавёў адзін з лідараў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Анатоль Літвінка: «Пасля праведзенай у мінулым годзе атэстацыі штучна зменшылі льготы за шкодныя ўмовы працы. Раней у нас быў каэфіцыент шкоднасці 3,3, а цяпер быццам бы запыленасць зменшылася і каэфіцыент стаў 2,2. Цяпер у нас адпачынак за шкоднасць скароціцца з 14 да 7 дзён. Даплата за кожную гадзіну працы скароціцца з 0,2 % да 0,14 %».

Літвінка кажа, што працаўнікоў змушаюць пагаджацца з новымі ўмовамі, запужваючы непрацягненнем кантракту. Ён кажа, што не ведае ні пра якія захады, у выніку якіх зменшылася шкоднасць працы на «Граніце»: «Ды ў нас бывае за 5 метраў не відаць работніка ў цэху праз пыл! А тут дэкларуюць, што ў нас, аказваецца, запыленасць зменшылася… 30 гадоў завод гэты стаіць, і ніякіх захадаў для паляпшэння гэтага не рабілася…».

Прафсаюзны актывіст мяркуе, што адзіны спосаб абароны сваіх правоў – аб’яднанне рабочых у незалежны прафсаюз: «Гэта ўсё абурыла працаўнікоў, і цяпер наспявае тое, што было ў час утварэння суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце». Цяпер да мяне падыходзілі 5 хлопцаў, якія просяць прыняць іх у незалежны прафсаюз. На гэтай хвалі, якую робіць самая адміністрацыя прадпрыемства, нашыя шэрагі тут папоўняцца. Агульная бяда заўсёды дапамагае людзям яднацца. А альтэрнатывы незалежнаму прафсаюзу на «Граніце» няма».

Кіраўнік Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук зазначае, што падобная праблема існуе і на іншых прадпрыемствах з шкоднай вытворчасцю: «Пытанне пра гэта мы ставім вельмі востра перад урадам, Міністэрствам працы. Праблема шкоднасці на вытворчасці развязваецца тым, што ладзіцца атэстацыя, падчас якой уводзяцца новыя параметры, у адпаведнасці з якімі тое, што ўчора было шкоднае, раптам перастае быць шкодным… І гэта ёсць рэальная праблема для працоўных. Гэта датычыць не толькі «Граніту», але і ўсіх без выключэння прадпрыемстваў, дзе ёсць шкодныя ўмовы працы».

Спадар Ярашук распавёў, што ў некаторых выпадках працоўным удаецца адстаяць ільготы за шкоднасць. Колькі месяцаў таму, калі першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка наведваў ААТ «Горадня Азот», рабочыя выказалі яму свой пратэст у сувязі з гэтаю праблемаю. У выніку на прадпрыемстве ільготы пакінулі ранейшымі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў