Студэнты, якія праходзяць па "справе анархістаў" застаюцца пад вартай


Мікалю Дзядку тэрмін знаходжання пад вартай падоўжаны да 6 сакавіка, Ігару Аліневічу, Максіму Веткіну і Аляксандру Францкевічу — да красавіка.

Паляванне на анархістаў пачалося пасля нападу на расейскую амбасаду ў Менску. 30 жніўня невядомыя кінулі некалькі бутэлек з запальнай сумессю, у выніку ад агня пацярпела службовае аўто. У межах распачатай крымінальнай справы, спецслужбы затрымлівалі і дапытвалі дэмакратычных актывістаў. У тым ліку былі затрыманыя 18 прыхільнікаў руху анархістаў. Чацвёра з іх дагэтуль застаюцца пад вартай.

Мікалаю Дзядку 1 кастрычніка было прад’яўлена абвінавачванне ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця супраць вайсковых вучэнняў, што адбылося 19 верасня 2009 году. Максіма Веткіна і Ігара Аліневіча вінавацяць у датычнасці да інцыдэнту з расейскай амбасадай. Аляксандру Францкевичу 20 верасня прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні нападу на аддзяленне міліцыі ў Салігорску.

Рух анархістаў у Беларусі афіцыйна не зарэгістраваны, аднак яго прадстаўнікі часта прымаюць удзел у апазіцыйных акцыях, а таксама ладзяць уласныя мерапрыемствы. Напрыклад, у 2009 годзе анархісты спалілі расейскі сцяг ля міністэрства абароны Беларусі на знак пратэсту беларуска-расейскім вайсковым вучэнням. Напрыканцы 2009 закідалі бутэдькамі з фарбаю і піратэхнічнымі факеламі VIP-казіно «Шангры Ла».

belsat.eu

Стужка навінаў