«Вялікі сябар Беларусі» адышоў. Ці згубяць штосьці беларусы?


Беларусь ніколі не была для Венесуэлы гэткім жа значным партнёрам, як Венесуэла для Беларусі. Пасля смерці Уга Чавэса ўлада можа перайсці да сённяшняй апазіцыі, а гэта, у сваю чаргу, можа прынесці страты для Беларусі.

Страты ў палітыцы

Для афіцыйнага Менску ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі важна дэманстраваць дыпламатычныя поспехі. З 2007 года прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс чатыры разы быў з візітам у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка наведваў Каракас тры разы. Для афіцыйнага Менску гэткая колькасць візітаў на найвышэйшым узроўні параўнальная толькі з узаемадачыненнямі з кіраўніцтвам Расеі.

«Для першай асобы ў нашай дзяржаве гэта асабіста цяжкая страта. Чавэс быў адзін з нямногіх лідараў замежных дзяржаваў, які падтрымліваў цесныя сувязі з Беларуссю і персанальна з яе кіраўніком», – адзначае палітолаг Андрэй Фёдараў.

{movie}Чавэс вітае Лукашэнку словамі “апошні дыктатар Еўропы”. Архіўнае відэа.|right|9535{/movie}

Антыамерыканская рыторыка Уга Чавэса фактычна супадала з пазіцыяй Лукашэнкі, ад якога Злучаныя Штаты патрабуюць дэмакратызацыі Беларусі. Падчас апошняга візіту кіраўніка нашай краіны ў Венесуэлу, Чавэс павітаўся з ім словамі: «Аляксандр Лукашэнка! Апошні дыктатар Еўропы!»

Эканоміка: «Паказушнае» будаўніцтва і экспарт нафты

Да інтэнсіфікацыі эканамічных стасункаў паміж дзвюма дзяржавамі, што прыпадае на перыяд пасля 2007 года, Беларусь экспартавала ў Венесуэлу выключна калійныя ўгнаенні. Пазней нашая краіна пачала экспартаваць за акіян дарожную тэхніку, грузавікі МАЗ і сухое малако.

Наступным этапам сталася падпісанне пагаднення наконт стварэння шэрагу агульных прадпрыемстваў у Венесуэле і падпісанне кантрактаў на будаўніцтва жытла беларускімі адмыслоўцамі.

{movie}”Беларускі квартал” у Венесуэле|right|9536{/movie}

Гэтак, у Маракаі збудавалі цэлы «беларускі квартал». Што праўда, рэалізацыя праекту суправаджалася шэрагам скандалаў. Дамы будавалі венесуэльскія падрадчыкі, прадстаўнікі «Белзарубежстрою» толькі кіравалі праектам… праз вайсковых перакладчыкаў. Венесуэльскія будаўнікі, паводле мясцовай прэсы, працавалі ў небяспечных умовах, не атрымлівалі заробкаў своечасова. Рэалізатараў праекту абвінавацілі ў кантрабандзе арматуры. У выніку кватэры здавалі без электрычнасці ды каналізацыі.

Аднак апафіёзам двухбаковай супрацы стаўся праект экспарту венесуэльскай нафты ў Беларусь. Гэта адбывалася на фоне чарговага абвастрэння ў стасунках паміж Менскам і Масквою. Дыверсіфікацыя экспарту энерганосьбітаў на некаторы час сталася казырнаю картаю ў дыялогу з Крамлём.

Эканамічны складнік гэтага праекту быў не такі паспяховы. Спачатку наўпроставы экспарт давялося замяніць сўоп-схемаю, паводле якой на беларускія прадпрыемствы трапляла азербайджанская нафта. Пасля ж паспяховых перамоваў з Расеяй купляць венесуэльскую нафту стала нявыгадна як з эканамічнага, гэтак і з палітычнага пункту гледжання.

У 2010–2012 гадах таваразварот паміж Венесуэлаю і Беларуссю дасягаў $ 1,2–1,4 млрд. Аднак у 2012 гэты паказнік знізіўся да $ 0,5 млрд.

Венесуэла застанецца хаўруснікам?

Аляксандр Лукашэнка ў гасцях у Уга Чавэса. Архіўнае фота.Аляксандр Лукашэнка ў гасцях у Уга Чавэса. Архіўнае фота.Тым не менш іншых хаўруснікаў, якія маглі б замяніць Чавэса, у афіцыйнага Менску няма. Цяпер краінаю кіруе паплечнік Чавэса віцэ-прэзідэнт Нікаляс Мадура, але цягам 30 дзён маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары.

«Ён не робіць уражання такой харызматычнай асобы, якім быў Чавэс, і не вядома, ці яму ўдасца захаваць уладу. Калі да ўлады прыйдуць апаненты Чавэса, то афіцыйнаму Менску будзе значна цяжэй: будзе мець месца значнае скарачэнне ўзаемадзеяння ў эканамічнай, а тым больш – у палітычнай сферы», – мяркуе Андрэй Фёдараў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў