У Іўі міліцыянты перамаглі святароў (фота)


Каталіцкія святары на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам 4 сакавіка згулялі ў футбол з мясцовымі міліцыянтамі.

Працаўнікі органаў адзначалі сваё прафесійнае свята – Дзень міліцыі, а ў Гарадзенскай дыяцэзіі было свята яе заступніка – святога Казіміра. У матчы ўдзельнічаў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У казані падчас імшы галава беларускіх каталікоў падкрэсліў: “Касцёл адкрыты для ўсіх і павінен духоўна апекавацца ўсімі людзьмі, у тым ліку і міліцыяй. Яшчэ не так даўно ў часы ганенняў на веру міліцыянт як прадстаўнік улады у многіх людзей асацыяваўся з тымі, хто пераследуе веру, хоць на самой справе гэта не факт. І ў тыя часы многія прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і міліцыянты, заставаліся вернікамі і бралі ўдзел у набажэнствах”.

Паводле мітрапаліта, святароў і міліцыянтаў аб’ядноўвае заданне служыць людзям: “Святар пакліканы абвяшчаць Евангелле, асвячаць людзей і разам з імі будаваць хрысціянскую супольнасць. Пры гэтым у сваім служэнні ён павінен клапаціцца пра маральны стан чалавека. Міліцыянер пакліканы наглядаць за тым, ці захоўваюць людзі свецкія законы”.

У першым тайме футбольнага матчу перамаглі святары з лікам 4:3, але канчатковы вынік застаўся за камандаю міліцыі – 12:5.

Пасля сканчэння матчу ўдзельнікі сустрэліся пры супольным стале, маючы магчымасць абмяняцца ўражаннямі і таварыскімі парадамі.

М.Я., belsat.eu, паводле catholic.by



Стужка навінаў