«Абаронцы» расейскай мовы: У моўнае супрацьстаянне ўцягнулі ўнучак Лукашэнкі


У Беларусі адбываецца наступленне на расейскую мову, ідзе працэс беларусізацыі і акаталічвання: расейскае сеціва ўстрывожанае станам расейскай мовы ў Беларусі.

Пэўныя захады, што робяцца ў Беларусі для падтрымання беларускай мовы, расцэньваюцца некаторымі расейскімі сіламі як адмысловая атака на расейскую мову ў нашай краіне.

«ма-ма=мо-ва» – змрочна?

На старонцы «stoletie.ru» ананімны аўтар, да прыкладу, абураецца ўвядзеннем беларускай лацінкі ў метро, публікацыяй кнігі вершаў Уладзіміра Арлова «Свецяцца вокны, ды нікога за імі» таксама і лацінкаю, змрочнымі плакатамі «ма-ма=мо-ва» і абсурднымі, на думку аўтара, надпісамі ў стылі «Маё першае слова – дзякуй».

«Але ўлады, не гледзячы на канстытуцыйную роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў – расейскай і беларускай – увесь час імкнуцца пашырыць сферы выключнага ўжывання беларускай мовы: на ёй выкананыя дарожныя паказальнікі, шыльды з назвамі вуліцаў, а таксама рэгламентуецца выкарыстанне і ў афіцыйным справаводстве: напрыклад, выключна на беларускай рыхтуецца дакументацыя ўзнагароджання граматамі, медалямі і ордэнамі. Разам з тым няма ні адной сферы, дзе б менавіта расейская карысталася б такімі ж прывілеямі», падае партал.

Міністэрства нацыяналізму?

Беларускае Міністэрства культуры названае ў згаданым артыкуле «Міністэрствам нацыяналізму», бо на яго ініцыятыву адбываюцца акцыі падтрымання беларускай мовы, а галава міністэрства звычайна ўхіляецца ад «адкрытых заяваў пра неабходнасць расейска-беларускай інтэграцыі».

Арсень Фальковіч на партале «segodnia.ru» занепакоены рэстаўрацыяй беларускіх замкаў і шляхецкім балам у Нясвіжы. Больш за тое, яго абурае, што ў Беларусі расейскія арганізацыі – «пад каўпаком» у спецслужбаў, а некаторыя расейскія дзеячы завуалявана фінансуюць «мерапрыемствы беларускіх нацыяналістаў», дазваляючы сабе «дыфірамбы ў бок Рэчы Паспалітай».

Сяржук, Андрусь ды “моўныя інтрыгі

Не падабаюцца расейскім публіцыстам беларускія імёны кшталту Сяржук, Андрусь, Зміцер, якія ёсць выяўленнем «нянавісці да ўсяго расейскага». Паводле крыніцы, у «моўныя інтрыгі» ў Беларусі нават міжвольна ўцягнулі ўнучак Аляксандра Лукашэнкі, якія перамаглі ў літаратурным конкурсе, прысвечаным Якубу Коласу: «Трэба аддаць належнае апазіцыі, якая правяла досыць мудрагелістую камбінацыю, чаго не скажаш пра тых, хто з абавязку службы мусіў быў сачыць за сітуацыяй вакол сям’і прэзідэнта Беларусі… Узнікла сітуацыя, якая, на думку апазіцыі, даказвае, што нават у сям’і Лукашэнкаў новае пакаленне выбірае беларускую мову і незалежнасць».

Класкоўскі: Фантазіі вялікарускага шавініста

«Тут праяўляецца старая імперская канцэпцыя, паводле якой пэўныя сілы ў Расеі, дастаткова ўплывовыя, не хочуць прызнаваць, што беларусы – гэта асобны народ са сваёй гісторыяй і асобнаю моваю, таму іх і непакояць такія здавалася б натуральныя рэчы, як, на прыклад, транскрыбаванне беларускіх назваў лацінкаю. Тое, што тут прыплятаецца пра нацыяналізм і акаталічванне – фантазіі велікарускага шавініста, якога палохае самасвядомасць беларусаў», – падкрэсліў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго, у Беларусі беларуская мова перажывае ненайлепшыя часы: перапісы паказваюць змяншэнне людзей, якія стала выкарыстоўваюць беларускую мову, усё менш школаў з роднаю моваю навучання, яе практычна няма ва ўніверсітэтах і г. д. Гэтая сітуацыя выкліканая, на думку эксперта, адсутнасцю падтрымання беларусізацыі з боку дзяржаўных уладаў: «Трэба біць у званы, што страчваецца мова тытульнай нацыі, але гэта балюча для беларускіх патрыётаў, а расейскім шавіністам наадварот хочацца, каб згаслі ўсе праявы беларускай самасвядомасці». Менавіта таму ў беларускім грамадстве вядзецца лінія заходнерусізму, прыхільнікі якога на кожнага беларускага патрыёта вешаюць ярлык «схаванага паляка».

Трусаў: 21 год незалежнасці не прайшоў дарма

Рэакцыя расейскіх шавіністаў – паказнік таго, што ў Беларусі пачала стварацца беларуская супольнасць, якая паважае роднае, падкрэслівае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. «Гэта гаворыць пра тое, што 21 год незалежнасці дарма не прайшоў, хаця беларускія ўлады не вельмі спрыяюць беларусізацыі, і падобныя акцыі праводзяцца толькі тады, калі дзясяткі тысяч беларусаў патрабуюць беларускай лацінкі і г. д. Гэта паказчык, што грамадзянская супольнасць у Беларусі ёсць, і ўлады мусяць яе слухацца», – сказаў спадар Трусаў.

Расейскія імперыялісты ж не бачаць Расеі без Беларусі і Украіны, а тое, што яны рэагуюць на ўсе праявы папулярызацыі беларускай культуры – найлепшая адзнака для дзейнасці грамадскіх актывістаў, выкліканая страхам імперыялістаў перад новай беларускай элітай, якая не будзе памятаць ужо часоў Савецкага Саюзу і будзе праводзіць цалкам незалежную ад Расеі палітыку. «Чым больш яны лямантуюць, тым лепш нам паказваюць, што мы ідзем у правільным кірунку», – ацаніў спадар Трусаў закіды «абаронцаў» расейскай мовы ў сеціве.

“Хай складуць сваю лацінку”

Моўную сітуацыю ў Беларусі старшыня ТБМ назваў пераходам ад супрацьстаяння да грамадскага кампрамісу, калі шмат хто з чыноўнікаў прыхільна ставіцца да беларускай мовы: «Да ўлады прыходзяць маладыя чыноўнікі – гэта дзеці перабудовы, дзеці апошняга беларускага адраджэння, сярод якіх ёсць вялікія патрыёты. Канфрантацыя была дзесьці 15 гадоў таму, цяпер ідзе няпросты, але дыялог».

На закід расейскіх інтэрнэт-аўтараў ў дачыненні беларускай лацінкі, спадар Трусаў адказаў: «Хай лепей яны самі сваю лацінку складуць, а не карыстаюцца англійскай транскрыпцыяй».

Беларускае ж Міністэрства культуры, паводле старшыні ТБМ, пакуль нельга назваць «Міністэрствам нацыяналізму»: «Пэўныя патрыятычныя тэндэнцыі там ёсць, але каб назваць гэтак міністэрства, павінна прайсці яшчэ гадоў 10. Нацыяналізм – гэта патрыятызм у нашай краіне, бо ў заходняй лексіцы – гэта нармальнае слова, а нацыяналіст – патрыёт, ніякі не фашыст і камуніст».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў