Беларускія ўлады далі задні ход супрацы з Аманам


Менгарвыканкаму, Саўміну і Камітэту дзяржкантролю даручана скасаваць інвестыцыйную дамову на будаўніцтва ў цэнтры нашай сталіцы буйнога элітнага комплексу. Набытую хоць і за істотна заніжаны кошт пад яго ўзвядзенне зямлю аманскі бок цяпер верне задарма. Такія захады прадугледжвае прэзідэнцкі ўказ № 93, які днямі набыў сілу. Што Беларусь прыдбала, а што страціла?

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Істотна зменшыліся тэмпы інфляцыі. Атрымалі станоўчае сальда вонкавага гандлю таварамі ды паслугамі…”

Гэтак падсумоўваў Аляксандр Лукашэнка 2012 год. Але ўжо 2013-ты пачаўся з пагаршэння эканамічных паказнікаў. У студзені інфляцыя падскочыла на 3 %, а дэфіцыт сальда вонкавага гандлю склаў $ 150 млн. Роўна такую ж суму Беларусь губляе на будаўнічым кантракце з Аманам. Праект, які паўстаў у 2010 годзе, арабскі інвестар палічыў нерэнтабельным.

{movie}Нерэнтабельнае сяброўства|right|9509{/movie}

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Падае сусветны попыт. Інвестыцыі ў забаўляльныя цэнтры, як гэты праект, звязаны з Аманам, – гэта рызыкоўныя і нізкапрыбытковыя сферы, асабліва ў Беларусі, якая цяпер перажывае эканамічную стагнацыю”.

Ад будаўніцтва ў цэнтры Менску комплексу з пяцізоркавым гатэлем, элітнымі жылымі дамамі ды гандлёвымі цэнтрамі рэзервавы фонд султана Аману адмовіўся летась. Не дачакаўшыся змены рашэння, расколіну ў дамове беларускаму боку засталося цяпер толькі засведчыць.

ЗМЕНЫ ВА ЎКАЗЕ № 93:

“Аманская кампанія “Орэл Пропэртыз 4” бязвыплатна верне ў дзяржмаёмасць Беларусі:

– 2,6 га зямлі, якую набыла за $ 10 млн без правядзення аўкцыёну;

– Нацыянальны выставачны цэнтр “Белэкспа”;

– 2-ю гарадскую клінічную бальніцу;

– будынак спецэнергетыкі ТП-159;

– алею Дружбы”.

Набытае за на дзіва нізкія кошты Аман вяртае задарма. Але што ў выніку збудуюць на гэтай зямлі?

МІХАСЬ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Месца ж надта прыгожае там – на гары. Там бы нешта варта такое зрабіць, каб надоўга і трывалае. Але ў нас жа кола ідэяў – ці то бардэль пабудаваць, ці то казіно, ці то “Бульбашъ-Хол”. Брыдка слухаць усе гэтыя задумы”.

Лёс гэтай сталічнай зямлі няпэўны. Пад пагрозаю застаецца і іншы беларуска-арабскі праект. Да чэмпіянату свету па хакеі Катар будуе гатэльна-спартовы комплекс на суму $ 90 млн, хоць шэраг краінаў свету заявілі пра магчымае байкатаванне чэмпіянату ў Менску – з-за наяўнасці ў Беларусі палітвязняў. Аляксандр Лукашэнка інвестара задобрыў – падараваў буйныя ўчасткі зямлі ў Менскай вобласці, пад рэзідэнцыі ды паляўнічыя вальеры.

Але незалежна ад таго, ці атрымаецца будаваць супольную будучыню з арабскімі шэйхамі, найбуйнейшым інвестарам Беларусі ёсць і застанецца ўсходняя суседка. Кажуць, стары сябар – лепшы за двух новых. Можа і лепшы, але гэты таксама нічога не робіць задарма.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў