Латвія таксама зрабіла бясплатныя візы для беларусаў


Але іх, як і польскія нацыянальныя, выдаюць значна радзей за візы Шэнген.

Спрошчаны візавы рэжым для беларусаў Латвія ўводзіць ужо з 24 студзеня. Рашэнне прынятае з улікам рэкамендацыяў Еўразвязу “спрыяць чалавечым кантактам і ўмацаванню грамадзянскіх інстытутаў”, цытуе МЗС Латвіі партал Delfi .

Нагадаем, першай падтрымаць грамадзянскую супольнасць Беларусі вырашыла Польшча. Атрымліваць бясплатна доўгатэрміновыя нацыянальныя візы ў гэтую краіну беларусы пачалі ўжо з 1 студзеня.

Палітолаг Раман Якаўлеўскі ўхваляе рашэнні латвійскага боку, але адзначае, што скарыстацца такой магчымасцю зможа нязначная колькасць беларусаў. “Нацыянальную доўгатэрміновую візу атрымаць досыць цяжка. Трэба мець дакументы, якія падцвердзілі б, што вы працуеце ў гэтай краіне, альбо запрашэнне ад родных, якія там стала пражываюць”, — тлумачыць палітолаг. Разам з тым Якаўлеўскі адзначае, што доўгатэрміновая віза дае права на наведванне іншых краінаў Шэнгенскай зоны.

Адносіны паміж Беларуссю і ЕЗ абвастрыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў і жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня. Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая ўводзіць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, у тым ліку і забарону на ўезд у краіны Еўразвязу. Пры гэтым еўрадэпутаты неаднаразова падкрэслівалі, што санкцыі не адаб’юцца на шэраговых беларусах.

belsat.eu

Стужка навінаў