Што прынясе новы Жыллёвы кодэкс?


Сёння набывае моц новы Жыллёвы кодэкс. Адно з яго наступстваў – з’яўленне новых графаў у жыроўках. Напрыклад, тыя, хто не паспеў прыватызаваць кватэры, цяпер будуць плаціць не толькі за паслугі ЖКГ, але і за арэнду дзяржаўнага жытла.

Размовы пра новы Жыллёвы кодэкс вядуцца даўно, прынялі яго паўгода таму, а пачаў дзеяць сёння. Тым ня менш, на вуліцах сталіцы сустрэць тых, хто дакладна ведае пра сутнасць новаўвядзенняў, цяжка. Аднак большасць прадчувае, што давядзецца рыхтаваць гаманцы.

{movie}Кодэксам па кішэнях|right|9485{/movie}

АПЫТАННЕ, МЕНСК:

“Усе хачу пачытаць Жыллёвы кодэкс. Добра, што вы мне сказалі, трэба больш уважліва вывучаць, але бачна што рэформа ідзе”.

“З нашымі заробкамі кудысьці высяляцца, куды?”

“Час цяпер страшны, пры Саюзе было лепш”.

Эксперт Міхал Залескі, які паспеў пазнаёміцца з новым кодэксам, называе яго рухам ад сацыялізму да капіталізму ў жыллёва-камунальнай сферы.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

„У гэтым кодэксе адлюстраваныя тыя рэчы, якія ўласцівыя больш капіталістычным краінам. Гэта зніжэнне правоў наймальніка жытла і павялічэнне правоў уласніка жытла”.

Іншая рэч, што ў беларускіх умовах гэта азначае яшчэ большае павелічэнне ролі дзяржавы. Бо ўласнік большасці будынкаў – дзяржава. Эксперты адзначаюць пазітыўныя моманты: цяпер камунальнікі абавязаныя ў жыроўках дэталёва распісваць аб’ёмы ды тарыфы паслуг. З негатыву – шанцы страціць жытло атрымалі ўсе.

АЛЯКСАНДР ЖУК, ЮРЫСТ:

“Самае сумнае – гэта тое, што цяпер магчыма выселіць “у белы свет” не толькі з дзяржаўнага, але і з прыватнага жытла, за неаплату камунальных плацяжоў”.

Вядома, для гэтага трэба пастарацца і не плаціць больш за паўгода. Яшчэ адзін момант: банкі атрымалі магчымасць высяляць людзей з кватэраў за неаплату крэдытаў, калі нерухомасць была закладзеная банку. А вось росту якасці камунальных паслуг ці стварэння канкурэнцыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы чакаць не выпадае.

РЫГОР КАСТУСЁЎ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ПБНФ:

“Чалавек не мае права або не мае магчымасці выбраць пастаўніка камунальных паслуг. Аказалася, што гэты Жыллёвы кодэкс закансерваваўся”.

Яшчэ з новаўвядзенняў: дадаюцца зборы за бягучы рамонт, пры гэтым плата за капітальны рамонт таксама застаецца. Вось толькі сродкі, якія раней адлічвалі ў фонд капітальнага рамонту, у пэўнай ступені згарэлі.

РЫГОР КАСТУСЁЎ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ПБНФ:

“З сённяшняга дня ўладальнік кватэры за свае грошы будзе праводзіць капітальны рамонт свайго жылля, а месцы агульнага карыстання – ужо камунальныя службы”.

Новы кодэкс несумненна скіраваны на тое, каб зменшыць долю няплатнікаў. Іхная колькасць па краіне сягае дзясяткаў тысяч чалавек, і гэта адно ў сталіцы. Вось толькі дадатковыя тарыфы, якія прыйшлі з новым кодэксам, долю няплатнікаў могуць акурат павялічыць.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў