У Бабруйску мільёнам рублёў спакушаюць выйсці з незалежнага прафсаюзу


Працаўнікам заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) у Бабруйску прапаноўваюць Br 1 млн узамен на заяву аб выхадзе з незалежнага прафсаюзу і далучэнне да афіцыйнага.

Раней стаўкі былі ніжэйшыя. Яшчэ напрыканцы мінулага года за пераход са свабоднага прафсаюзу ў афіцыйны абяцалі дадаць да заробку 200–300 тысячаў”, – распавядае старшыня першаснай ячэйкі Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ) на заводзе ТДіА Міхаіл Кавалькоў.

Дзеяч дадаў, што напрыканцы лютага чальцы незалежнага прафсаюзу “падаражэлі”, бо адзін з кіраўнікоў 2-га механазборачнага цэху Анатоль Бокій прапанаваў сваім працаўнікам ажно мільён рублёў прэміі з гэтак званага “фонду кіраўніка”, калі тыя пяройдуць са свабоднага прафсаюзу ў афіцыйны. “Вось, бачыце, як цэняць нашых працаўнікоў, калі за выхад з незалежнага прафсаюзу прапаноўваюць такія грошы”, – сказаў спадар Кавалькоў.

Паводле ягоных словаў, у намесніка дырэктара заводу па ідэалагічнай частцы існуе план працы з СПБ. На першым месцы ў гэтым плане стаіць “выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу” для пераводу чальцоў СПБ у падкантрольны прафсаюз. Устаноўку ідэолага імкнецца ажыццявіць усё начальства, якое за свае ідэалагічныя поспехі атрымлівае пэўную плату.

Метады ўздзеяння на працаўнікоў – запалохванні, дыскрымінацыя, шантаж…

Завод ТДіА ў Бабруйску. Фота belsat.euЗавод ТДіА ў Бабруйску. Фота belsat.euРазам з подкупам выкарыстоўваюцца ўжо традыцыйныя запалохванні ды шантаж. Ужо звыклаю стала пагроза не працягнуць кантракту працаўніку, калі той не пяройдзе ў дзяржаўны прафсаюз. Паводле Кавалькова, калі чалавек уладкоўваецца на працу на завод ТДіА, у яго амаль няма шанцаў трапіць у свабодны прафсаюз, бо інакш ён рызыкуе не быць прынятым на працу.

Тыя працаўнікі, якія належаць да незалежнага аб’яднання, дыскрымінуюцца на прадпрыемстве паводле “прафсаюзнай прыкметы”: не маюць права карыстацца фізкультурна-аздараўленчым комплексам і бібліятэкай, якія завод перадаў афіцыйнаму прафсаюзу.

Гэткую палітыку каментуе юрыст і прадстаўнік прафсаюзу РЭП па Магілёўскай вобласці Аляксей Яўгенаў: “Гэта незаконна, чыстая дыскрымінацыя. Бо калі я працую на заводзе, паводле закону, я маю права ўступіць у нейкі прафсаюз ці ўвогуле не ўступаць. І маё права – карыстацца ўласнасцю заводу: бібліятэкаю ці іншымі паслугамі – не мусіць залежаць ад таго, ці я ў прафсаюзе, ці не”.

Лідар незалежнага прафсаюзу мае асабістага “ахоўніка”



Міхаіл Кавалькоў распавядае, што кіраўніцтва заводу прыставіла да яго “ахоўніка, без якога дзеяч не можа перабываць на тэрыторыі заводу. Асабісты ахоўнік старшыні свабоднага прафсаюзу ТДіА ўжо стаў тэмаю для жартаў. Насамрэч гэты ахоўнік не ахоўвае, а адсочвае кожны крок прафсаюзнага лідара і фіксуе кожную ягоную сустрэчу і размову з працаўнікамі заводу.

З-за рэпрэсіўнай палітыкі адміністрацыі колькасць чальцоў незалежнага прафсаюзу цягам мінулага года сапраўды зменшылася. З гэтай прычыны кіраўніцтва заводу запатрабавала ад СПБ сведчанне гэтак званай прадстаўнічасці прафсаюзу. Міхаіл Кавалькоў сцвярджае, што паводле закону такія сведчанні можа патрабаваць пракуратура ды іншыя органы ўлады, а не адміністрацыя заводу. Кіраўніцтва, у сваю чаргу, пагражае тым, што з 25 сакавіка, калі скончыцца тэрмін дзеяння цяперашняй калектыўнай дамовы, новая дамова на чальцоў незалежнага прафсаюзу распаўсюджвацца не будзе. Гэта паставіць сябраў незалежнага прафсаюзу ў загадзя горшую сітуацыю, пазбавіўшы іх шэрагу ільготаў і выплатаў.

Спадар Кавалькоў падаў усе неабходныя дакументы ў пракуратуру, якія адтуль мусяць накіраваць на завод. Прафсаюзны лідар упэўнены, што кіраўніцтва заводу будзе, аднак, рабіць усё магчымае, каб перашкодзіць незалежнаму прафсаюзу падпісаць новую калектыўную дамову.



Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў