Андрэя Пачобута зноў будуць судзіць


Журналіста польскай “Gazety Wyborczej” збіраюцца прыцягнуць у справе 19 снежня ўжо трэці раз.

Андрэя Пачобута затрымалі 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Менску падчас разгону масавай акцыі пратэсту. Пасля ў судзе журналіста вызвалілі з-пад варты, заявіўшы пра неабходнасць дадатковай праверкі.

8 студзеня пасля допыту ў гарадзенскім КДБ яго даставілі ў Менск. Суд Кастрычніцкага раёну сталіцы аштрафаваў журналіста на 1 750 000 руб. Аднак пракуратуру прысуд не задаволіў. Разгляд пракурорскай касацыйнай скаргі прызначаны на 28 студзеня.

“Планы ўладаў адносна мяне змяняюцца вельмі хутка. Магчыма, рашэнне перагледзець прысуд выклікала незадаволенасць маімі публікацыямі, што датычаць паслявыбарчай сітуацыі ў Беларусі”, – гаворыць Андрэй Пачобут.

Як паведаміў “Белсату” журналіст, ён яшчэ не вырашыў, ці будзе прысутнічаць на судовым паседжанні ў Менску, але маральна гатовы да больш жорсткага прысуду. На ім могуць прыняць рашэнне скасаваць папярэдні прысуд і накіраваць справу на новы разгляд альбо пакараць журналіста адміністрацыйным арыштам.

belsat.eu

Стужка навінаў